Print this chapterPrint this chapter

§ 23. Свет пасля Другой сусветнай вайны

3. «Халодная вайна»

Афіцыйна пачаткам «халоднай вайны» лічыцца 5 сакавіка 1946 г., калі Чэрчыль выступіў са сваёй знакамітай прамовай у Фултане. Ён заявіў, што ЗША — самая магутная ў свеце дзяржава, якая ў саюзе з Вялікабрытаніяй і Канадай павінна супрацьстаяць распаўсюджванню ў свеце сацыялізму. Быў замацаваны статус СССР як нееўрапейскай дзяржавы, Масква не была ўключана ў агучаны ў прамове спіс еўрапейскіх сталіц. Пасля гэтай прамовы ў слоўніку заходніх гісторыкаў і палітыкаў для абазначэння гэтага рэгіёну з’явіліся словазлучэнні «Усходняя камуністычная Еўропа», «сацыялістычны лагер», «краіны пад ваенным кантролем СССР», «дзяржавы, якія ўзніклі з дапамогай савецкіх танкаў», «жалезная заслона» і г. д.

У інтэрв’ю карэспандэнту газеты «Праўда» ў адказ на гэта савецкі лідар І. В. Сталін параўнаў Чэрчыля з Гітлерам. Прамова Чэрчыля ў Фултане была ахарактарызавана як небяспечны акт, разлічаны на тое, каб пасеяць насенне разладу, распаліць вайну паміж саюзнымі дзяржавамі і ўскладніць іх супрацоўніцтва.

Завяршэннем «халоднай вайны» лічыцца Мальтыйскі саміт лідараў СССР і ЗША М. Гарбачова і Д. Буша — старэйшага, які прайшоў 2—3 снежня 1989 г. У аднабаковым парадку ў ходзе саміта Гарбачоў пайшоў на саступкі, якія забяспечылі ваенную і палітычную перавагу ЗША: адмовіўся ад «дактрыны Брэжнева», гэта значыць дамінавання СССР ва Усходняй Еўропе, пагадзіўся на вывад войскаў з тэрыторыі Еўропы і аб’яднанне Германіі, на скарачэнне наступальнага ўзбраення. У 1990 г. Гарбачоў атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.