Печатать эту главуПечатать эту главу

Паэзія

Наватарства ў галіне вершаванай формы

Сучасная паэзія ўяўляе сабой дынамічную з’яву. У апошні час усё больш шырокую прастору ў ёй заваёўваюць монастрафічныя, нерыфмаваныя вершы. Стварэнне новых вершаваных форм набыло зараз амаль масавы характар, у выніку чаго з’явіліся іх лепшыя ўзоры.

Пошукі сучаснай паэзіяй новых шляхоў, незвычайных форм, арыгінальных жанраў найперш звязаны з імем Алеся Разанава (нар. у 1947). Ён узбагаціў беларускую паэзію такімі новымі вершаванымі формамі, як пункціры, квантэмы, версэты, вершаказы, зномы і злёсы. Арыгінальнасць стылю А. Разанава абумоўлена не толькі наватарствам фармальных пошукаў, але і зместам твораў, медытатыўнасцю і філасафічнасцю, асацыятыўнасцю мыслення, шырынёй погляду на рэаліі свету.

Гістарычная тэма знайшла ўвасабленне ў паэтычнай творчасці Людмілы Рублеўскай (нар. у 1965), пра што сведчаць яскравыя і запамінальныя назвы зборнікаў: «Крокі па старых лесвіцах» (1990), «Замак месячнага сяйва» (1992), «Рыцарскія хронікі» (2001), «Над замкавай вежай» (2003), «Шыпшына для Пані» (2007), «З’яўленне інфанты: вершы» (2015). Людміла Іванаўна Рублеўская нарадзілася ў Мінску 5 ліпеня. Шлях будучай пісьменніцы ў літаратуру пачаўся пасля заканчэння аддзялення архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума ў 1984 годзе. У 1986—1987 гадах Л. Рублеўская вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага ў Маскве, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Віктарам Шніпам. Абставіны склаліся так, што пісьменніца перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1994 годзе. Працавала загадчыкам аддзелаў у газетах і часопісах, з 2003 года з’яўлялася аглядальнікам аддзела культуры газеты «СБ. Беларусь сегодня», з 2020 года супрацоўнічае з газетай «Звязда». У 2004 годзе атрымала прэмію «Залаты апостраф» за паралельны раман «Золата забытых магіл», а ў 2017 годзе — Нацыянальную літаратурную прэмію за раман «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата», у 2011 годзе ўзнагароджана медалём Ф. Скарыны.

Пісьменніца ў сваіх вершах стварае вытанчаную, шляхетную мастацкую рэканструкцыю аддаленых па часе падзей і непаўторна-выразныя слоўныя партрэты асветнікаў і кніжнікаў Альбарутэніі, каб перанесці сучаснікаў у знакавыя для беларускай гісторыі месцы, працягваючы тым самым «мастацкую рэканструкцыю» Беларушчыны.

Мастацка-гістарычны свет Л. Рублеўскай базіруецца на некалькіх дамінантных тэмах: слынных асобах, постацях мінуўшчыны, лёсавызначальных падзеях, артэфактах культуры і сармацка-рыцарскіх вобразах.

Паэтэса стварае цэлую галерэю вобразаў славутых беларусаў ад Рагнеды да Валянціна Таўлая, імкнецца адкрыць чытачу іх духоўны вопыт, адшукаць тыя вытокі, што наталялі падзвіжнікаў чысцінёй, святлом і сілай («Скарына ў Празе», «Ян Баршчэўскі», «Ефрасіння», «Паляванне каралевы Боны», «Вінцэсь Каратынскі», «Вінцэнт ДунінМарцінкевіч», «Максім Багдановіч», «Рагнеда»). Іх жыццё і дзейнасць Л. Рублеўская лічыць узорамі маральнай дасканаласці і грамадзянскай самаахвярнасці. Вобразы герояў, якія паўстаюць прарокамі, набываюць адзнакі мастацкага абагульнення, а вершы — некаторыя жанравыя адзнакі неарамантычнай балады. Так, у вершы «Ян Баршчэўскі» створаны запамінальны, выразны і дамінантны для літаратуры рамантызму вобраз рамантыка-вандроўніка, які ашчадна збірае народны скарб:

Ідзе не па сцежках — па спевах ідзе
Аматар, бы кветкі,
                           збіраць калыханкі.
І лёс у спявучай купальскай вадзе
Вянком залацістым сплывае ў світанак,
І коціцца сонцам
                              над пылам двароў,
І песню —
                 святую і вечную — будзіць...
...І мова — чужая,
                               пад ціскам вятроў
Кладзецца на запіс —
                               як глеба на грудзі.

Адным са складнікаў мастацкай рэканструкцыі мінуўшчыны Л. Рублеўскай з’яўляюцца культурныя артэфакты: помнікі, памятныя мясціны, гарады («Вільня», «Наваградскі замак»). У апошнім творы паэтэса з сумам адзначае, што часы былой велічы Наваградскага замка даўно мінавалі:

Камяні апусцелага замка спаўзаюць з гары,
У прабоіны сцен зазірае сузор’е Дракона,

але ў вершы жыве надзея і спадзяванне, што

Сняць князі наваградскія замка былыя муры,
У зямлі сваёй сняць, што зямля іх жыве нескарона.
<...>
Сны князёў наваградскіх, я веру, паўстануць калісь
Гэткай явай — якая не снілася тым, хто не верыў.

Наватарства Л. Рублеўскай звязана з выбарам тэм, не ўласцівых беларускай паэзіі папярэдняга часу. Найперш гэта тэма рыцарства, рамантычнага служэння каханай, Радзіме, народу («Рыцарскі турнір», «Ноч перад двабоем», «Княгіня»).

Новы падыход да мастацкай рэканструкцыі гісторыі ў вершах Л. Рублеўскай выявіўся ў пашырэнні абсягаў гістарычнай тэмы, калі чытач разам з аўтарам пільна ўзіраецца праз смугу стагоддзяў у мінулае, сочыць за развіццём перажыванняў канкрэтных гістарычных асоб.

Наватарства сучаснай паэзіі заключаецца ў зменах танальнасці гістарычных твораў, якая перастае быць мажорна-ўзнёслай, гучнай, становіцца сцішана-камернай, асабістай, што характэрна для пафасу кнігі Віктара Шніпа (нар. у 1960) «Балада камянёў» (2006). У зборніках «Шляхам ветру» (1990), «На рэштках Храма» (1994), «Беларускае мора» (2004), «Страла кахання, любові крыж» (2008), «Проза і паэзія агню» (2010), «Першы папяровы снег» (2014), «Тутэйшая туга» (2014) знайшлі выяўленне вечныя тэмы чалавечага быцця і зварот да канкрэтных набалелых пытанняў сучаснасці.

Віктар Анатольевіч Шніп нарадзіўся 26 сакавіка ў вёсцы Пугачы Валожынскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, працаваў літкансультантам у часопісе «Нёман» і газеце «Вячэрні Мінск». Пасля вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага ў Маскве быў старшым рэдактарам аддзела культуры ў часопісе «Беларусь» (1987—1991), працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» (намеснік галоўнага рэдактара —адказны сакратар (1995—2000), першы намеснік галоўнага рэдактара (2000—2002), галоўны рэдактар (2002—2003)). У 2003—2008 гадах ён — намеснік галоўнага рэдактара, з 2008 года — галоўны рэдактар у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Віктар Шніп адзначаны прэміяй Уладзіміра Маякоўскага, Савета Міністраў Грузіі (1987; за зборнік «Гронка святла»), спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура» (2008; за кнігу «Страла кахання, любові крыж») і ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2019).

Для творчасці гэтага паэта характэрна асацыятыўная вобразнасць, спалучаная з паэтыкай непасрэднага, канкрэтна-пачуццёвага адлюстравання жыцця. Вершам В. Шніпа ўласцівы глыбіня і эмацыянальная насычанасць. Многія яго творы нагадваюць эскізы, накіды, за мікравобразамі якіх бачацца шырокая зместавая перспектыва і эмацыянальная аб’ёмнасць:

Марудная, як цень, вада марская
Сцякае з валасоў, нібы з пяску,
І ў беразе, дзе ты ляжыш, знікае,
І ў небе сонца, як на валаску,
Вісіць над морам, дзе бялее ветразь
І чорны човен стомлена плыве
Насустрач невядомасці і ветру
У накірунку тым, дзе Беларусь жыве...

Творчасць паэта адлюстроўвае ў сабе ўсе галоўныя тэндэнцыі, уласцівыя нацыянальнай літаратуры.

Жывая памяць вясковага жыцця, малой радзімы паэта ўвасобілася ў вершах-успамінах пра родныя мясціны, дзяцінства, юнацтва:

Стары,
як гэты свет, бацькоўскі дом,
Нібы каўчэг, напоўнены цяплом,
Праз белы акіян з зімы плыве
У свет зялёны, дзе вясна жыве.

Гістарычная тэма знітавана ў паэта з тэмай Радзімы, у сувязі з гэтым А. І. Бельскі адзначыў, што «сучасных паэтаў найперш прыцягвае лёс знакамітых людзей Беларусі — тых, хто стаяў ля вытокаў нашай дзяржаўнасці, культуры, асветніцтва, адраджэння, хто ўласнай мужнасцю, патрыятычнай ахвярнасцю, вялікім талентам, пакутніцкім жыццём упісаў сваё імя на скрыжалях гісторыі». Цэлы цыкл В. Шніп прысвяціў гісторыі — гэта «Балады Вялікага княства» з кнігі «Балада камянёў». Аўтар здолеў увасобіць выключную мужнасць і адданасць роднай зямлі не толькі князёў — Міндоўга, Гедыміна, Альгерда, Вітаўта, Ягайлы, але і знакамітых асветнікаў і пісьменнікаў — Сымона Буднага, Уладзіслава Сыракомлі, Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі, Івана Шамякіна і інш. Нават гарады, вежы, бітвы паўстаюць жывымі сведкамі гісторыі («Балада Турава», «Балада Белай вежы», «Балада Грунвальдскай бітвы»):

І Белая вежа, як Ноеў каўчэг,
Плыве праз дажджы,
                               праз стагоддзі,
                                                     праз снег.

Урбаністычная (гарадская) прастора трывала ўвайшла ў лірыку В. Шніпа. Гэта не толькі Мінск, але і Вільня, Масква, Парыж. Адметнасць яго «гарадской» паэзіі заключаецца ў тым, што вуліцы, дамы, плошчы, праспекты, дарогі з’яўляюцца фонам для раскрыцця думак і перажыванняў лірычнага героя:

Хаджу па Вільні, нібы ў сне.
Ёсць Вільня, і няма мяне,
Бо я тут госць, ды — не чужы,
Як храмаў светлыя крыжы,
Я не чужы, бо Вільня мне
Як сонца нашае ў вакне...

Белы верш — нерыфмаваны, рытмічна
арганізаваны, сілаба-танічны
верш.

Інтэлектуальная плынь у паэзіі пісьменніка цесна спалучаецца з духоўнай, пра што сведчыць цыкл «Мая альфабэта», у якім аўтар сімвалічна раскрывае змест літар з дапамогай важных і значных для яго паняццяў (Айчына, Бацькаўшчына) або праводзіць паралелі паміж абрысамі, гучаннем літары і пэўнымі вобразамі.

Жанравыя пошукі В. Шніпа разнастайныя і наватарскія, у яго паэтычным набытку суседнічаюць элегіі, балады, аповесць у празаічных мініяцюрах і вершах, лірыка-філасофскія мініяцюры, верлібры, белыя вершы і інш.

Наватарства паэта заключаецца ў спалучэнні ў баладах розных часавых вымярэнняў — далёкага мінулага і сучаснасці, а таксама ў прысвячэнні балад не толькі знакамітым гістарычным асобам, але і пачуццям, збудаванням, гарадам і г. д. («Балада абяцання» «Балада белай вежы», «Балада Турава»); выкарыстанні ў якасці загалоўкаў многіх вершаў вобраза-сімвала храма («Балада Храма», «Ты заходзіш у Храм, як у неба ўзлятаеш…»); выкарыстанні беларускай і сусветнай міфалогіі («Балада вампіра»); далейшым раскрыцці ўрбаністычнай тэмы і шырокім выкарыстанні вершаваных мініяцюр (шасцірадкоўяў).