Печатать эту главуПечатать эту главу

Развіццё беларускай літаратуры ў 60 — пачатку 90-х гг. Агляд

Драматургія

Камедыя (ад грэч. komos — ‘вясёлы натоўп’; odе — ‘песня, гімн’) — адзін з жанраў драмы і кіно, у якім высмейваецца негатыўнае ў жыцці, характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага.

Інтрыга 
(ад лац. intricаre — ‘заблытваць’) — cклaдaны i зaблытaны вyзeл yчынкaў i пaвoдзiн пepcaнaжaў лiтapaтypнaгa твopa, paзгopтвaннe якix звязaнa з pacкpыццём нeйкaй тaямнiцы.

Значнай з’явай, якая ў пэўнай ступені вызначыла паспяховае развіццё беларускай драматургіі 1960­х — пачатку 1990­х гадоў, сталі п’есы Андрэя Макаёнка «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і інш. Аўтар удала эксперыментаваў, спалучаючы прыёмы трагедыйнага і камедыйнага пісьма, вострай сатыры, філасофскага паглыблення ў грамадскія праблемы.

Драматургія А. Макаёнка была наватарскай з’явай, якая вылучалася актуальнасцю праблематыкі і творчым падыходам да тэатральнай умоўнасці. Не апошнюю ролю ў станаўленні беларускай эксперыментальнай драматургіі, асабліва ў жанры камедыі, адыгралі традыцыі смехавай культуры, талент і багаты творчы вопыт Кандрата Крапівы. У камедыях «Брама неўміручасці», «На вастрыі» драматург аналізаваў сацыяльныя праблемы сучаснасці. За знешне камічнымі інтрыгамі п’ес паўстае галоўнае і па­філасофску сур’ёзнае пытанне: як пражыць жыццё, каб пакінуць добрую памяць, застацца чалавекам назаўжды.

У гэты час беларускія драматургі часта звярталіся да рэтраспектыўнага1 адлюстравання мінулага. Такімі з’яўляюцца п’есы «Напісанае застаецца», «Прарок для Айчыны» А. Петрашкевіча, «Званы Віцебска», «Маці ўрагану» У. Караткевіча, «Чорная панна Нясвіжа», «Купала» А. Дударава. Цыкл твораў пра жыццё і асветніцкі подзвіг Ф. Скарыны стварыў Алесь Петрашкевіч. У п’есах «Напісанае застаецца», «Прарок для Айчыны» асэнсоўваецца вобраз беларускага першадрукара. 

Драматург стварыў п’есу­дыскусію, пабудаваную на палемічных і вострых дыялогах Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Марціна Лютэра, Мікалая Каперніка і іншых гістарычных асоб. П’есы А. Петрашкевіча заснаваны на дакументальных матэрыялах. На фоне агульнаеўрапейскай гісторыі ў іх увасоблена велічная фігура славутага беларускага дзеяча. У п’есах «Трывога», «Укралі кодэкс», «Злыдзень» А. Петрашкевіча выявілася ўвага і да сацыяльна­маральных праблем сучаснікаў. Напрыклад, у драме «Трывога» абвострана асэнсоўваюцца маральна­этычныя праблемы, у тым ліку п’янства, паказваюцца паламаныя чалавечыя лёсы, разбураныя сем’і.

У 70-я гады мінулага стагоддзя стаў вядомы як драматург і Уладзімір Караткевіч. У 1973 годзе ён напісаў гістарычную трагедыю «Званы Віцебска», якая была пастаўлена ў 1974 годзе на сцэне Беларускага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску (цяпер — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа) рэжысёрам Валерыем Мазынскім. Да гістарычных падзей Крычаўскага паўстання 1743—1744 гадоў звярнуўся У. Караткевіч у п’есе «Маці Урагану» (1982). Па жанры гэта трагедыя, хоць у творы ёсць і камедыйныя сцэны. Твор уяўляецца гімнам-рэквіемам па людзях, якія паўсталі на змаганне за волю і чалавечую годнасць. За аснову твора аўтар узяў гістарычныя звесткі аб паўстанні ў горадзе Крычаве, многія ўдзельнікі якога загінулі, але ў народнай памяці засталіся ўспаміны пра іх мужнасць. У канцы твора гераіня Агна Вецер, маці пакаранага смерцю кіраўніка паўстання, цалуе ворагаў і заражае іх невылечнай хваробай, такім спосабам помсцячы крыўдзіцелям. У творы сцвярджаецца ідэя аб самаахвярнасці, непакорнасці і неўміручасці беларускага народа. 

Гістарычныя падзеі змагання беларускага народа за зямлю і волю паказаны У. Караткевічам у п’есе «Кастусь Каліноўскі» (1963, пастаўлена ў 1978). Лёс Янкі Купалы, яго маленства і юнацтва, вяршыні і драмы жыцця песняра знайшлі арыгінальнае ўвасабленне ў п’есе «Калыска чатырох чараўніц» (1981). У пралогу гэтага твора чатыры чараўніцы — Белая, Блакітная, Залатая і Змрочная — прадвяшчаюць пры нараджэнні Ясю Луцэвічу вялікі і адначасова цяжкі лёс.

У гэты перыяд становяцца вядомымі імя і п’есы Анатоля Дзялендзіка. Пачынаючы з 60-х гадоў ХХ стагоддзя самадзейнымі і тэатральнымі калектывамі ставяцца яго п’есы «Апошняя мера», «Абы ціха», «Грэшная любоў», «Начное дзяжурства», «Апошнія суніцы ў жніўні», «Гаспадар» і інш. Творы гэтага драматурга ставіліся не толькі беларускімі тэатрамі, але многімі тэатрамі былога СССР і краін сацыялістычнай садружнасці. У некаторых п’есах аўтар звяртаўся да трагічных падзей мінулай вайны. Так, у драме «Грэшная любоў» ён узняў праблемы вернасці і здрады свайму народу ў той час, паказаў выпрабаванне пачуцця кахання ва ўмовах змагання з чужынцамі. Падзеі твора адбываюцца ў акупацыі. Уражвае драматызм лёсу маладой жанчыны Крысціны. Яна кахае партызанскага разведчыка Паўла. Акупанты, даведаўшыся пра сувязь жанчыны з партызанамі, узялі ў заложнікі яе сына Янку, прымушаюць яе выдаць партызанскія тайны. У трагічным фінале гэтай псіхалагічнай драмы Крысціна гіне, гінуць некалькі партызан. Павел вызваляе Янку і забірае яго ў партызанскі атрад. 

Галоўны герой п’есы «Начное дзяжурства» — малады ўрач Марозаў. Ён імкнецца выкарыстаць наватарскія метады ў лячэнні псіхічна хворых людзей. Драматург прымусіў кожнага задумацца пра адказнасць перад сабой і перад іншымі за ўласныя ўчынкі, пра ўменне ахвяраваць асабістым спакоем і камфортам дзеля здароўя, спакойнага і шчаслівага жыцця іншых.

Прататыпам для галоўнага героя драмы А. Дзялендзіка «Гаспадар» — старшыні калгаса Зязюлі — стаў Герой Сацыялістычнай Працы, кіраўнік адной з перадавых і вядомых гаспадарак Брэстчыны — Уладзімір Бядуля. Герой твора — разумны, таленавіты кіраўнік працоўнага калектыву з уласнымі поглядамі на перспектывы развіцця сельскай гаспадаркі. Ён не выслужваецца перад вышэйшым начальствам, клапоціцца пра людзей, прынцыпова адстойвае сваё бачанне працоўных поспехаў. Зязюля — настойлівы, дзейсны, імкнецца не адстаць ад часу і новых тэхналогій. Герой умее супрацьстаяць бязглуздым распараджэнням чыноўнікаў, ён сапраўдны гаспадар сваёй зямлі, лідар, якому вераць людзі.

Вялікім поспехам у чытачоў і гледачоў і сёння карыстаюцца камедыйныя творы А. Дзялендзіка 70-х гадоў ХХ стагоддзя: «Амазонкі», «Аперацыя “Мнагажэнец”». Апошні з названых даследчыкі лічаць лепшым камедыйным творам аўтара. Сам драматург даў разгорнутае жанравае вызначэнне гэтай п’есе — «Гульні дарослых або камедыя-карнавал у дзвюх дзеях з музыкай, танцамі і сардэчным прыступам». У творы выразная канфліктная аснова, якая ўзбагачаецца элементамі інтрыгі, дынамічны сюжэт. Драматург актуалізаваў праблемы маральнасці ў адносінах паміж людзьмі, сумленнасці і адказнасці ў працы, якую чалавек выбірае асноўнай справай свайго жыцця.

У п’есах 1980—1990-х гадоў А. Дзялендзіка засведчана, што яго хвалявалі сучасныя тэмы. Ён звяртаўся да жанраў бытавой камедыі, часта пры гэтым карыстаўся прыёмамі сатыры, гратэску. Драматург прапаноўваў задумацца над многімі негатыўнымі праявамі сучаснага жыцця: продаж жонкай уласнага мужа за валюту суседцы («Аўкцыён апоўначы»), парадоксы жыцця «рыначнага сацыялізму» з героямі-жабракамі і рэкецірамі («Алёна»). Аўтара трывожыла страта пераемнасці гуманістычных маральных традыцый паміж пакаленнямі.

 

Канфлікт — адлюстраванне ў мастацкім творы супярэчнасцей, што прыводзяць да сутыкнення характараў, герояў і абставін.

Падобную сацыяльна­этычную праблематыку распрацоўваюць і М. Матукоўскі (п’есы «Амністыя», «Мудрамер»), А. Дудараў (п’есы «Выбар», «Парог», «Вечар»). Маральна­этычная праблематыка пераважае ў сатырычнай камедыі Міколы Матукоўскага «Амністыя». Канфлікт разгортваецца паміж малапрыемным п’яніцам і хуліганам, слесарам фабрыкі цацак Рыгорам Салавейчыкам, і адміністрацыяй прадпрыемства. Людзі, цярплівыя, памяркоўныя, усімі сіламі спрабуюць «замяць» скандал на фабрыцы. Дырэктар, старшыня прафсаюза і іншыя кіраўнікі заклапочаны ідэяй мяккага перавыхавання, маральнага выпраўлення Салавейчыка, а той карыстаецца іх мяккацеласцю, спекулюе на людской дабрыні.

Драматург пераконваў, што нахабства салавейчыкаў — гэта вынік бясконцых кампрамісаў тых людзей, якія не жадаюць заставацца прынцыповымі да канца. Дабро, якое не змагаецца са злом адкрыта, на думку аўтара, ператвараецца ў абыякавасць і маральнае прыстасаванства.

У драматургіі М. Матукоўскага выявіліся агульнаэстэтычная і літаратурная тэндэнцыі ў асэнсаванні праблем экалогіі. П’еса «Бездань» вызначаецца вострым маральна­публіцыстычным пафасам. Мікола Матукоўскі асудзіў гвалт чалавека над прыродай. Аўтар заклапочаны безадказнасцю і бездухоўнасцю сучаснага чалавека. Галоўны герой, рэдактар рэспубліканскай газеты, страціўшы жонку і дзіця, высвятляе жудасныя факты. Масавая смерць жыхароў — вынік экалагічнага эксперымента, навокал атручана і паветра, і вада, і зямля.

Драма (ад грэч. drama — ‘дзеянне’) — адзін з відаў драматычнага роду літаратуры (побач з камедыяй і трагедыяй), у аснове якога — востры канфлікт, што не заканчваецца трагічнай развязкай.

Трагедыя — драматычны твор, сюжэт якога заснаваны на непрымірымым, трагічным канфлікце паміж моцнай высакароднай асобай і абставінамі, якія не даюць мажлівасці ажыццявіць яе намеры. Трагедыя, як правіла, заканчваецца гібеллю галоўнага героя (герояў). 

Усё гэта і ёсць бездань — і экалагічная катастрофа, і маральнае падзенне чалавека. Яшчэ адна важная тэма, якая таксама знайшла ўвасабленне ў драматургіі гэтага часу, — тэма Вялікай Айчыннай вайны (п’есы «Трыбунал» А. Макаёнка, «Паядынак» М. Матукоўскага, «Радавыя» А. Дударава). Гэтыя творы вызначаюцца псіхалагічнай ускладненасцю, арыгінальнымі сюжэтнымі паваротамі, шматмернасцю праблематыкі, пошукамі новай канцэпцыі гераічнага. Крытэрыі маральнасці ў ваенныя часы, на думку некаторых аўтараў, становяцца неадназначнымі, гнуткімі.

Багаты жанрава­тэматычны дыяпазон драматургічнай творчасці Георгія Марчука, якая стала вядомай з 1970­х гадоў найперш камедыйнымі п’есамі («Цяжкая ноч», «Запрашэнне», «Выкраданне Алены», «Магіла Чынгісхана»). 

У рэчышчы лепшых традыцый беларускай камедыяграфіі, з арыентацыяй на беларускія народныя гумарыстычныя творы напісаны яго п’есы наступных гадоў («Вясёлыя, бедныя, багатыя», «Альдона, Анэта, Анфіса»). Ствараў Г. Марчук таксама драмы, трагедыі, трагікамедыі. П’есы гэтага аўтара вызначаюцца тэматычнай шырынёй і актуальнасцю, закранаюць праблемы бацькоў і дзяцей, выхавання сучаснай моладзі.

У перыяд 1960­х — пачатку 1990­х гадоў творы беларускіх драматургаў атрымалі папулярнасць у чытачоў і гледачоў нават за межамі Беларусі. На ўзроўні лепшых сусветных эстэтычных і мастацкіх традыцый стваралі свае п’есы А. Макаёнак і Кандрат Крапіва, сцвярджалі сябе яркія таленавітыя беларускія драматургі: М. Матукоўскі, А. Петрашкевіч, А. Дудараў, Г. Марчук і інш

_______________________
Рэтраспекты´ва — погляд у мінулае, агляд таго, што было ў мінулым.