Print this chapterPrint this chapter

Лірыка Пімена Панчанкі

Верш «Той дзень прапаў і страчаны навекі...»

Верш «Той дзень прапаў і страчаны навекі...» (1973) з’яўляецца роздумам пра сэнс жыцця. Публіцыстычна завострана Пімен Панчанка ставіць пытанне аб прызначэнні чалавека і бачыць яго ў неабходнасці рабіць дабро: «Той дзень прапаў і страчаны навекі, // Калі ты не зрабіў таго, што мог; // Калі не паспрыяў ты чалавеку, // Няшчыры быў, зманіў, не дапамог».

Лірычны герой твора паўстае альтруістам і гуманістам, заклапочаным бядой і неабыякавым да несправядлівасці. У «напаміне пра будучыню», за якую кожны нясе асабістую адказнасць, прысутнічаюць і аголена дыдактычныя, маралізатарскія ноткі: «Не мы, жыццё табе даўгі заплаціць // За раўнадушша. // Вінаваты сам». Такая поліфанія настрояў арганічная для творчасці паэта. У вершы знайшлі ўвасабленне таксама іншыя рысы лірыкі Пімена Панчанкі, што ўтвараюць яго адметны стыль: спавядальны характар, адкрытасць, шчырасць лірычнага пачуцця ў спалучэнні з вострай палемічнасцю, бескампраміснасцю, нацэленасцю на злабадзённыя пытанні.

Аўтaлогія (ад грэч. autos — ‘сам’ і logos — ‘слова’) — выкарыстанне ў мастацкім творы слоў у іх прамым лексічным значэнні.

Пімен Панчанка выкарыстаў багаты арсенал сродкаў мастацкага выяўлення. Мастацкі эфект ствараецца за кошт «спалучэння неспалучальнага»: напрыклад, бязвобразнага пісьма (аўталогіі) у першай страфе і шматлікіх метафар у наступных («Той дзень збяднеў, зліняў на сотню радуг // І, попелам пасыпаны, сканаў», «Той дзень, лічы, завянуў пустацветам»). Паступовае ўзмацненне эмоцый і адначасова рытмічная выразнасць верша дасягаюцца пры дапамозе анафары: чатыры з сямі строф пачынаюцца аднолькава.

Змена інтанацый у фінале — ад узрушанасці да сцішанай спавядальнасці — сведчыць пра разнастайнасць рытміка-інтанацыйнага малюнка і стварае непаўторную панчанкаўскую атмасферу.