Печатать эту главуПечатать эту главу

Беларуская літаратура пасляваенных дзесяцігоддзяў (1945—1965)

Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе

Першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі ўяўляюць сабой важны, але неаднародны ў ідэйна-эстэтычных адносінах перыяд літаратурнага развіцця. Разгледзім асноўныя тэндэнцыі, якія фарміравалі аблічча нацыянальнага прыгожага пісьменства ў 1945—1965 гадах.

Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе
Перамога СССР у Вялікай Айчыннай вайне абумовіла патрыятычны і жыццесцвярджальны пафас літаратуры гэтага перыяду. Цэнтральнымі ў слоўным мастацтве з’яўляліся тэмы нядаўняй вайны і аднаўлення мірнага жыцця, адбудоўвання гарадоў і вёсак. Аслабленая за гады рэпрэсій і ваеннага ліхалецця пісьменніцкая супольнасць (Кастусь Кірэенка, Анатоль Вялюгін, Аляксей Пысін, Мікола Аўрамчык, Аляксей Кулакоўскі, Iван Мележ, Iван Шамякін, Кастусь Губарэвіч, Андрэй Макаёнак, Максім Танк, Янка Брыль) захавала некаторых прадстаўнікоў старэйшага пакалення і прырасла яркімі індывідуальнасцямі з ліку былых франтавікоў і прадстаўнікоў заходнебеларускай літаратуры.

Паэзія
У многіх вершах паэтаў-франтавікоў адлюстраваны складаныя пачуцці салдата, які сустрэў доўгачаканую Перамогу, вярнуўся ў родныя мясціны, але замест квітнеючых садоў убачыў папялішчы (вершы 1945 года: «Франтавік» Пімена Панчанкі, «Зварот» Пятра Глебкі, «Скончыўшы паход» Максіма Лужаніна, «Сумна пахне палын...» Анатоля Вялюгіна). У лірыцы першых пасляваенных гадоў яшчэ чулася водгулле нядаўняй трагедыі, паўставалі малюнкі руін і спусташэння, а таму ў ёй гучалі тужлівыя ноты. Але, нягледзячы на гэта, у большасці твораў увасаблялася надзея на лепшае, адчуваўся энтузіязм і рашучасць былых воінаў аднавіць знішчанае ворагам. Гэта ідэя была прадыктавана сапраўдным народным рухам па аднаўленні Радзімы і працоўным гераізмам.

Вядучая для ўсёй пасляваеннай літаратуры тэма адбудовы разбуранай гаспадаркі і стваральнай працы знайшла адлюстраванне ў лірыцы Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Аляксея Пысіна, Анатоля Вялюгіна, Сяргея Дзяргая і інш.

Захапленне навакольнымі краявідамі і паяднанне лірычнага героя са светам прыроды выявіліся ў лірыцы былога франтавіка Кастуся Кірэенкі. Пейзажныя вершы «Асенняе рэха», «Раніца на Свіцязі », «Летняя ноч» не толькі раскрылі самабытны талент аўтара, але сталі адметнай з’явай тагачаснай паэзіі. Прыродаапісальная лірыка побач з інтымнай і філасофскай шырока прадстаўлена і ў шматлікіх вершах з першых пасляваенных зборнікаў Максіма Танка («Каб ведалі»; «На камні, жалезе і золаце»; «У дарозе»).

Здабыткі ў жанры паэмы 
У блізкім тэматычным ключы развівалася і беларуская паэма: творы Петруся Броўкі «Ясны кут», «Хлеб», Пімена Панчанкі «Маладосць у паходзе», Аркадзя Куляшова «Новае рэчышча», «Толькі ўперад» і іншыя сведчылі пра мастацкія пошукі аўтараў у гэтым жанры.

Проза
Для літаратуры гэтага перыяду характэрны павышаная цікавасць да тэмы вайны і партызанскага змагання, паказ кіруючай ролі камуністычнай партыі, яе вызначальнага ўкладу ў перамогу над ворагам. Усе падзеі ўзнаўляліся з панарамным, эпапейным размахам, як, напрыклад, у раманах Івана Шамякіна «Глыбокая плынь», Міхася Лынькова «Векапомныя дні», Івана Мележа «Мінскі напрамак», Аляксея Кулакоўскага «Расстаёмся ненадоўга». У творах дзейнічала вялікая колькасць персанажаў, якія рэзка размяжоўваліся на станоўчых (савецкіх людзей) і адмоўных (фашыстаў і іх паслугачоў). Вобразы галоўных герояў белетрызаваліся і рамантызаваліся.

Трэба адзначыць, што такое захапленне героямі вайны і працы было прадыктавана не толькі ідэалагічнымі ўстаноўкамі, але і рэальнасцю: краіна была спустошана — і толькі людзі вялікай духоўнай сілы, трываласці маглі ўзняць яе з руін.

Замежныя даследчыкі, што пісалі пра Другую сусветную вайну, у адрозненне ад беларускіх літаратараў, не мелі доступу да савецкіх архіваў. Таму англійскі гісторык Эрыксан у навуковым даследаванні спасылаўся на мастацкі тэкст Івана Мележа «Мінскі напрамак», дзе вельмі дакладна прапісаны ўсе фактаграфічныя дэталі (напрыклад, знаходжанне савецкіх войск у пэўны дзень у пэўнай мясцовасці).

На фоне твораў, прысвечаных нядаўняй вайне, усенароднаму змаганню на фронце і ў тыле, вылучаліся адзінкавыя мастацкія тэксты на вясковую тэму Аляксея Кулакоўскага, Івана Шамякіна, аўтабіяграфічныя аповесці Янкі Брыля, што раскрывалі рэаліі Заходняй Беларусі («Сірочы хлеб», «У сям’і»). Заходнебеларуская тэматыка развівалася і ў рамане Піліпа Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», дзе паказваліся складанасці жыцця і змагання пад польскай уладай.

Напісаннем аповесці «На ростанях» была завершана шматгадовая праца Якуба Коласа над аднайменнай трылогіяй, у якой асэнсоўваліся перыпетыі станаўлення нацыянальнай інтэлігенцыі, адлюстроўваліся пошукі адукаванымі маладымі людзьмі і самім пісьменнікам адметнага беларускага шляху.

Драматургія
Як і ў эпічнай паэзіі, у беларускай драматургіі пасляваеннага дзесяцігоддзя ярка выявілася патрэбнасць у асэнсаванні трагічных і гераічных падзей мінулай вайны. Па меркаванні даследчыка Міколы Мішчанчука, для падобнай тэматыкі найбольш прыдатны драматычны жанр — гераічная драма. Пры гэтым у пасляваенны час пачала плённа развівацца камедыяграфія. Лепшымі драматычнымі творамі дзесяцігоддзя справядліва лічацца п’есы на ваенную тэму: «Мілы чалавек», «З народам» Кандрата Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» Аркадзя Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» Кастуся Губарэвіча.

Першая п’еса беларускага драматурга Аркадзя Маўзона «Канстанцін Заслонаў » пра легендарнага беларускага партызана мела незвычайны поспех.
У 1947 годзе яна была пастаўлена ў Беларускім тэатры імя Янкі Купалы (сёння — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), у ролі Крушыны — Уладзімір Дзядзюшка, у ролі Кроплі — Глеб Глебаў.

Гэты спектакль атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. У 1949 годзе па п’есе быў зняты аднайменны фільм, які тады паглядзелі больш за 17 мільёнаў гледачоў.

Побач з творамі гераічнага зместу папулярнасцю ў драматургаў карыстаўся жанр лірычнай камедыі, дзе ўвага аўтараў звярталася на праблемы сучаснасці, аднак без заглыблення ў іх сутнасць. Нават такі таленавіты і вопытны камедыёграф, як Кандрат Крапіва, гаворачы пра пасляваеннае калгаснае жыццё ў п’есе «Пяюць жаваранкі», не пазбег спрошчанасці і павярхоўнасці ў вырашэнні канфлікту.

Тэорыя бесканфліктнасці
тэрмін у літаратурнай крытыцы, які абазначаў адмаўленне ў творчасці ад традыцыйнага канфлікту «добрага з дрэнным» і сцвярджэнне правамернасці канфлікту «добрага з лепшым». Творы, напісаныя ў рэчышчы гэтай тэорыі, паказвалі савецкую рэчаіснасць у прыхарошаным выглядзе, у іх дзейнічалі толькі станоўчыя персанажы.

Падзеяй стала з’яўленне камедыі Андрэя Макаёнка «Выбачайце, калі ласка!», дзе аўтар засяродзіўся на выкрыцці сапраўдных заган грамадства, на высмейванні махінатараў і прыстасаванцаў. Камедыя маладога беларускага драматурга хутка атрымала агульнасаюзную папулярнасць і прынесла аўтару шырокую вядомасць. У ёй знарок парушаліся прынцыпы тэорыі бесканфліктнасці, што прадвызначала развіццё ўсіх сфер савецкага мастацтва.

Вынікам панавання тэорыі бесканфліктнасці сталі адыход ад традыцый рэалістычнага мастацтва, вялікая колькасць схематычных, ілюстрацыйных твораў, ігнараванне праблем надзвычай складанай пасляваеннай эпохі.

Не пагаджаючыся з падобным станам рэчаў, Кандрат Крапіва выступіў з палемічнымі і смелымі на той час артыкуламі «Аб сатырычнай камедыі» і «Канфлікт — аснова п’есы». Аўтар патрабаваў свабоду і самастойнасць для драматургаў, незалежнасць ад партыйных куратараў мастацтва і падпарадкаваных ім крытыкаў.