§ 15-2. Утварэнне СССР

Ключавая ідэя: з кангламерату розных дзяржаўных і нацыянальна-дзяржаўных утварэнняў, на якія распалася Расійская імперыя, была ўтворана новая сацыялістычная дзяржава.

На тэрыторыі зніклай Расійскай імперыі на фоне ўзмацнення нацыяналістычных памкненняў асобных тэрыторый запанавала ідэя стварэння адзінай дзяржавы на чале з бальшавікамі. СССР, утвораны як федэрацыя нацыянальных рэспублік, фактычна з’яўляўся ўнітарнай дзяржавай дзякуючы адзінай камуністычнай партыі, якая кантралявала ўсе ўрадавыя органы ўлады. У рамках СССР пачалася рэалізацыя савецкай эканамічнай мадэлі.

1. Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва. Утварэнне СССР

У XIX ст. нацыяналізм стаў адной з вядучых сусветных ідэалогій. Яшчэ да Першай сусветнай вайны ён пачаў падрываць цэласнасць імперый, якія пазней распаліся. У Расійскай імперыі каля 57 % насельніцтва складалі нярускія народы, таму нацыянальная палітыка бальшавікоў мела вялікае значэнне. На II з’ездзе РСДРП у 1903 г. бальшавікі ўзялі на ўзбраенне марксісцкі тэзіс аб праве нацыі на самавызначэнне, пазней — на аддзяленне і ўтварэнне самастойных дзяржаў. У 1917 г. У. І. Ленін сфармуляваў прынцып «саюза свабодных рэспублік», гэта значыць федэрацыі. Бальшавікі дзейнічалі ва ўмовах рэальнага гістарычнага кантэксту.

У сакавіку 1917 г. практычна адначасова са стварэннем Часовага ўрада была ўтворана Украінская цэнтральная рада. Пасля капітуляцыі гэтага ўрада Рада адразу ж аб’явіла аб стварэнні Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР). Украінскія нацыяналісты-сепаратысты стварылі свае інстытуты ўлады ў Расійскай імперыі і аб’явілі аб сваім выхадзе з яе складу.

Аналагічныя працэсы адбываліся і ў іншых рэгіёнах былой Расійскай імперыі, у тым ліку ў Беларусі. Там узнікла Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) як выканаўчы орган Першага ўсебеларускага з’езда, які праходзіў у Мінску ў снежні 1917 г. Праца з’езда была перапынена бальшавікамі. Калі бальшавікі пакінулі Мінск, Рада аб’явіла сябе вышэйшай уладай на тэрыторыі Беларусі. Падпісанне Брэсцкага міру паміж Савецкай Расіяй і Германіяй актывізавала яе дзейнасць. Яна аб’явіла аб незалежнасці БНР. Нягледзячы на гатоўнасць дзеячаў Рады супрацоўнічаць з Германіяй, апошняя не прызнала БНР і перашкаджала дзейнасці яе органаў. Тым не менш Рада БНР пачала ствараць на акупаваных Германіяй тэрыторыях свае структуры, праводзіла працу па стварэнні беларускай арміі і сістэмы народнай адукацыі.

Бальшавікі ўсяляк супрацьстаялі нацыянальному сепаратызму. Яны імкнуліся захаваць цэласнасць тэрыторый і адзінства народаў, якія ўваходзілі раней у Расійскую імперыю, стварыўшы прыблізна ў тых жа межах новую дзяржаву — СССР. Інтэрнацыяналістычны характар ідэалогіі бальшавікоў садзейнічаў гэтаму аб’яднальнаму праекту.

У той жа час Савецкая Расія не перашкаджала рэалізацыі права асобных народаў на самавызначэнне. 31 снежня 1917 г. савецкі ўрад прызнаў незалежнасць Фінляндыі. У жніўні 1918 г. У. І. Ленін  падпісаў дэкрэт аб адмове ад дагавораў аб падзеле Польшчы, заключаных ранейшай уладай.

У 1918—1922 гг. нярускія народы савецкай дзяржавы атрымалі аўтаномію двух узроўняў: рэспубліканскую (Башкірская АССР, Татарская АССР, Дагестанская АССР і інш.) і абласную (Бурат-Мангольская АВ, Воцкая АВ, Калмыцкая АВ, Марыйская АВ, Чувашская АВ).

Былі ўтвораны суверэнныя савецкія рэспублікі: у снежні 1917 г. Украінская ССР, у студзені 1919 г. Беларуская ССР, у красавіку 1920 г. Азербайджанская ССР, у лістападзе 1920 г. Армянская ССР, у лютым 1921 г. Грузінская ССР. У Прыбалтыцы савецкая ўлада не ўтрымалася. У 1919 г. яна была скінута контррэвалюцыйнымі сіламі пры падтрымцы заходніх дзяржаў. Створаныя там урады праводзілі палітыку, варожую Савецкай дзяржаве.

Ленінскі план прадугледжваў атрыманне ўсімі жадаючымі народамі незалежнасці і дзяржаўнасці і толькі потым аб’яднанне з Расіяй у раўнапраўнай федэрацыі.

У верасні 1922 г. народны камісар па справах нацыянальнасцей І. В. Сталін прапанаваў план «аўтанамізацыі», які прадугледжваў уключэнне ўсіх існаваўшых тады савецкіх рэспублік у склад РСФСР на правах аўтаноміі. Гэтую ідэю падтрымалі кіраўнікі кампартый Азербайджана і Арменіі. Беларусь і Украіна занялі чакальную пазіцыі. 

Былі ўлічаны ўказанні У. І. Леніна, які валодаў бясспрэчным аўтарытэтам. У выніку 30 снежня 1922 г. быў утвораны добраахвотны саюз суверэнных і раўнапраўных рэспублік — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ўвайшлі РСФСР, Украінская ССР, Беларуская ССР і Закаўказская СФСР (у складзе Грузіі, Арменіі, Азербайджана). У 1923 г. быў створаны саюзны ўрад, вышэйшы выканаўчы орган улады — Савет Народных Камісараў СССР. У 1924 г. II Усесаюзны з’езд Саветаў ухваліў Канстытуцыю СССР. Вышэйшым органам улады стаў Усесаюзны з’езд Саветаў. Паміж з’ездамі яго функцыі выконваў Цэнтральны выканаўчы камітэт, які складаўся з дзвюх раўнапраўных палат — Саюзнага Савета і Савета нацыянальнасцей, што ў сваю чаргу складаўся з прадстаўнікоў саюзных рэспублік.

Нягледзячы на фармальнае федэратыўнае ўладкаванне, дзяржаўная ўлада ў рэспубліках была пад кантролем кампартый, якія ў сваю чаргу кантраляваліся з Масквы. У выніку СССР набыў рысы ўнітарнай цэнтралізаванай дзяржавы. Такім чынам бальшавікі здолелі стрымаць нацыяналістычныя памкненні і стварыць новую дзяржаву ў межах былой Расійскай імперыі.

У 1924 г. са скасаваннем Харэзмскай і Бухарскай народных рэспублік былі створаны Узбекская ССР і Туркменская ССР, у 1929 г. — Таджыкская ССР, у 1936 г. — Казахская ССР і Кіргізская ССР. Пасля роспуску Закаўказскай федэрацыі Азербайджан, Арменія і Грузія ў 1936 г. паасобку ўвайшлі ў склад СССР. Пры гэтым варта ўлічваць, што межы паміж рэспублікамі праводзіліся без уліку нацыянальнага рассялення, што адмоўна адаб’ецца пазней — у перыяд перабудовы.

У 1919 г. былі нармалізаваны адносіны Савецкай дзяржавы з Афганістанам, у 1921 г. — з Турцыяй, Іранам, Манголіяй. Пасля падпісання ў 1920 і 1921 гг. мірных дагавораў з Фінляндыяй, Польшчай, Эстоніяй, Латвіяй і Літвой Савецкая Расія выйшла з міжнароднай ізаляцыі.

Заходнія дзяржавы патрабавалі ад Савецкай Расіі выплаты дарэвалюцыйных даўгоў і пакрыцця страт ад нацыяналізацыі замежнай уласнасці. Прарывам у міжнародных адносінах стаў Рапальскі дагавор з Германіяй 1922 г. аб адмове ад узаемных прэтэнзій і ўсталяванні дыпламатычных стасункаў. У хуткім часе адбылося дыпламатычнае прызнанне і з боку іншых буйных еўрапейскіх дзяржаў, пачынаючы з Вялікабрытаніі ў 1924 г. ЗША былі апошняй вядучай дзяржавай, якая прызнала СССР у 1933 г.