§ 25-1. Заходняя Еўропа
Ключавая ідэя: аднавіўшы сваю эканоміку і дэмакратычныя інстытуты пасля Другой сусветнай вайны, краіны Заходняй Еўропы перайшлі да пабудовы постіндустрыяльнага грамадства.
З дапамогай плана Маршала заходнееўрапейскія краіны адносна хутка ліквідавалі разбуральныя наступствы Другой сусветнай вайны — аднавілі прамысловасць, сельскую гаспадарку і транспартную сетку, знішчаныя вайной. У 1950-я гг. эканоміка заходнееўрапейскіх дзяржаў перажывала ўжо сапраўдны бум.
У палітычным жыцці правыя партыі, якія раней падтрымлівалі фашызм, былі дыскрэдытаваныя. У Францыі, Італіі і Германіі камуністы і сацыялісты (левыя партыі) часта ўзначальвалі супраціўленне нацызму. Па гэтай прычыне многія пасляваенныя ўрады праводзілі палітыку, якая была б ухвалена левымі.
1. Эканамічны ўздым 1950-х гг.
Эканамічны ўздым у Еўропе ў 1950-я гг. адбыўся ў выніку рэалізацыі плана Маршала, дзякуючы амерыканскай дапамозе, што паступала ў 1948—1952 гг. Карыстаючыся ёю еўрапейцы сталі ствараць міжнародныя прадпрыемствы.
Другі важны фактар пасляваеннага эканамічнага росту — прыток мігрантаў з былых калоній у метраполіі. Такім чынам, сфарміраваліся два асноўныя складнікі аднаўлення разбуранай у ходзе Другой сусветнай вайны эканомікі — інвестыцыі і танныя рабочыя рукі.
Эканамічны рост у Еўропе абапіраўся на кейнсіянскую эканамічную мадэль развіцця, якая стала вельмі папулярнай. Згодна з ёй дзяржава павінна актыўна ўмешвацца ў эканоміку шляхам крэдытавання насельніцтва, такім чынам стымулюючы яго эканамічную актыўнасць. У выніку на фоне росту вытворчасці аўтамабілей, бытавой тэхнікі стала зараджацца грамадства спажывання.
Акрамя таго, для 1950-х гг. характэрныя рост урбанізацыі, падзенне долі сельскай гаспадаркі ў структуры эканомікі, павелічэнне долі сферы паслуг і навукова-тэхнічная рэвалюцыя, у выніку якой навука стала фактарам вытворчасці. Гэты перыяд таксама характарызуецца ростам сацыяльнай абароненасці насельніцтва з боку дзяржавы, павышэннем ролі дзяржаўных структур у жыцці грамадства, ростам прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, палітыкай індустрыялізацыі, нацыяналізацыяй ключавых сектараў эканомікі, увядзеннем дзяржаўнага планавання, а таксама спрыяльнай міжнароднай эканамічнай кан’юнктурай.