§ 28. МАГЧЫМЫЯ ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНЫХ ПРАБЛЕМ

Павышаны ўзровень §28-1

icon
Успамінаем. Якія глабальныя праблемы ў большай ступені абумоўлены прыроднымі працэсамі? Якія глабальныя праблемы з’явіліся ў сувязі з інтэнсіўным уздзеяннем чалавека на прыроднае асяроддзе? Як навукова-тэхнічны прагрэс уплывае на развіццё чалавецтва?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму вырашэнне глабальных праблем з’яўляецца актуальнай задачай для ўсяго чалавецтва? Як чалавек ставіцца да глабальных праблем? Як можна вырашыць глабальныя праблемы чалавецтва?

Узаемасувязь глабальных праблем. Глабальныя праблемы з’яўляюцца вынікам супярэчнасцей грамадскага развіцця. Яны не ўзніклі раптоўна. Некаторыя з іх, напрыклад захаванне міру на Зямлі, існавалі ва ўсе часы. Іншыя глабальныя праблемы, напрыклад экалагічныя, з’явіліся пазней у сувязі з інтэнсіўным уздзеяннем чалавека на прыроднае асяроддзе. Для іх вырашэння патрабуецца аб’яднанне намаганняў усяго чалавецтва. Глабальныя праблемы ахопліваюць усе бакі жыцця людзей і датычацца ўсіх краін свету. Усім глабальным праблемам грамадскага развіцця ўласціва мабільнасць. Кожная з іх пастаянна змяняецца, мае асаблівае значэнне ў розныя гістарычныя эпохі. Па меры вырашэння некаторыя з глабальных праблем могуць губляць сваю актуальнасць у сусветным маштабе. Яны становяцца лакальнымі ці ўвогуле знікаюць (напрыклад, натуральная воспа была глабальнай праблемай і практычна знікла ў цяперашні час). Усе глабальныя праблемы знаходзяцца ў складанай узаемасувязі і ўзаемазалежнасці. Гэта азначае, што вырашэнне адной праблемы прадугледжвае ўлік уплыву на яе комплексу іншых праблем.

icon Паразважаем. Чаму некаторыя глабальныя праблемы могуць губляць сваю актуальнасць у сусветным маштабе?

Адной з глабальных праблем сучаснасці з’яўляецца захаванне міру на Зямлі. Гонка ўзбраенняў мае велізарныя негатыўныя наступствы для чалавецтва. Яна збядняе сусветную эканоміку, правакуе агрэсіўныя тэндэнцыі ў знешняй палітыцы асобных дзяржаў (мал. 202).

icon Клуб знаўцаў-географаў. Гонка ўзбраенняў прывяла да таго, што ў другой палове 1980-х гг. разбуральная моц сусветнага ядзернага патэнцыялу больш чым у 100 разоў перавысіла сумарную агнявую магутнасць зброі, выкарыстанай усімі краінамі, што ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне (мал. 203).

img
Мал. 202. Вайна ў Сірыі
img
Мал. 203. Балістычныя міжкантынентальныя ракеты на ваенным парадзе ў Кітаі

Пераадоленне харчовай або сыравіннай праблемы патрабуе, у прыватнасці, вырашэння глабальнай энергетычнай праблемы. Яе вырашэнне звязваецца з больш рацыянальным выкарыстаннем традыцыйных і развіццём новых крыніц энергіі, практычным выкарыстаннем рэсурсаў энергіі касмічнай прасторы і Сусветнага акіяна.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як вырашэнне харчовай праблемы звязана з энергетычнай праблемай?

Навукова-тэхнічны прагрэс аказвае ўздзеянне на матэрыяльную вытворчасць, далейшае развіццё чалавечага патэнцыялу і звязаныя з ім праблемы адукацыі, культуры, аховы здароўя і інш. У цяперашні час пастаянна ў розных частках свету ўзнікаюць новыя праблемы, якія адносна хутка становяцца глабальнымі. Толькі за апошні час чалавецтва сутыкнулася з тым, што змяненне азонавага слоя, парніковы эфект, распаўсюджанне сіндрому набытага імунадэфіцыту (СНІД), эпідэмія COVID-19 (мал. 204) і іншыя праблемы, аб якіх некалькі гадоў назад мала хто ведаў, ператвараюцца ў глабальныя. Задача навукі — своечасова заўважаць новыя глабальныя праблемы і выпрацоўваць адпаведныя спосабы іх вырашэння. Напрыклад, спосабы вырашэння праблем назапашвання смецця і яго ўтылізацыі, пахавання адпрацаваных радыеактыўных прадуктаў, старэння насельніцтва, некантралюемай нараджальнасці і інш.

img
Мал. 204. Эпідэмія COVID-19, Кітай