§ 22-1. ЭНЕРГЕТЫЧНЫЯ КРЫЗІСЫ Ў СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРЦЫ І ІХ УПЛЫЎ НА ЗМЯНЕННЕ ГЕАГРАФІІ ГАЛІНЫ

icon
Успамінаем. Якія рэсурсы свету адносяцца да вычарпальных? Якія дзяржавы валодаюць найбольшымі запасамі нафты? Чаму энергетычныя рэсурсы з’яўляюцца прычынай палітычных канфліктаў?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму ўзнікаюць энергетычныя крызісы? Якія наступствы энергетычных крызісаў бываюць? У чым небяспека крызісу энергетычнай бяспекі?

Прычыны энергетычных крызісаў у свеце. Працэсы глабалізацыі і інтэграцыі на рэгіянальным і сусветным узроўнях з сярэдзіны ХХ да пачатку ХХІ ст. паўплывалі на інтэнсіўнасць і раўнамернасць развіцця вытворчасці і размеркавання выгод. Галоўным вынікам адзначаных працэсаў з’явілася серыя глабальных канфліктных сітуацый у вобласці попыту і прапановы на энергетычныя рэсурсы.

iconСвет і Беларусь. Якая структура паліўна-энергетычнага комплексу Беларусі?

icon Энергетычны крызіс — гэта крызіс, які выкліканы вострым недахопам першасных крыніц энергіі і які адлюстроўвае дыспрапорцыі паміж ростам спажывання энергетычнай сыравіны і аб’ёмам яе вытворчасці.

Крызісныя з’явы ў энергетычнай галіне сусветнай гаспадаркі абумоўлены трыма асноўнымі групамі прычын: 1) прыроднымі і тэхнагеннымі; 2) геапалітычнымі; 3) эканамічнымі (мал.157-1). Акрамя таго, у цяперашні час вылучаюць і лагістычны фактар, звязаны з праблемамі патокаў і транспарціроўкі энергетычных рэсурсаў.

img
Мал. 157-1. Прычыны крызісных з’яў у энергетыцы свету

Энергетычны крызіс характарызуецца некалькімі адметнымі рысамі (мал.157-2). У ХХІ ст. геапалітычны фактар становіцца вызначальным у развіцці энергетыкі свету і крызісных сітуацый у ім.

img
Мал. 157-2. Адметныя рысы энергетычнага крызісу

iconКлуб знаўцаў-географаў. Крызіс у нафтавай сферы 2020 г. з’явіўся горшым за апошнія 100 гадоў. Першым фактарам, які негатыўна паўплываў на рынак, сталі прыпыненне вытворчасцей па ўсім свеце на фоне COVID-19, закрыццё дзяржаўных меж у мэтах стрымлівання распаўсюджання захворвання і зніжэнне актыўнасці авіязносін. Другім фактарам стаў выхад Расіі і Саудаўскай Аравіі са здзелкі АПЕК+ па скарачэнні здабычы нафты, які абваліў цэны на сыравіну амаль да 20-гадовага мінімуму.