§ 4-2. ЗАКАНАМЕРНАСЦІ РАЗВІЦЦЯ КЛІМАТЫЧНАЙ СІСТЭМЫ ЗЯМЛІ

Успамінаем. Ад чаго залежыць клімат пэўнай тэрыторыі? Як змяняюцца ўласцівасці атмасферы з вышынёй? Што такое метэаралагічныя назіранні?

Вывучаем, каб ведаць. Якое практычнае значэнне маюць веды пра ўзаемадзеянне асноўных кампанентаў кліматычнай сістэмы Зямлі? Як геаграфічныя фактары ўплываюць на змяненне клімату? Чаму сучасныя мадэлі агульнай цыркуляцыі атмасферы не дазваляюць дакладна прадказаць змяненні глабальнага клімату?
Прасторава-часавыя заканамернасці кліматычнай сістэмы Зямлі. Глабальны клімат вызначаецца станам кліматычнай сістэмы, якая ўяўляе сукупнасць атмасферы, акіяна, крыясферы (запасы снегу і лёду), паверхні сушы і біёты. Гэтыя кампаненты бесперапынна ўзаемадзейнічаюць і абменьваюцца паміж сабой энергіяй і рэчывам.
Працэсы кліматычнай сістэмы, якія ўплываюць на фарміраванне клімату і яго змены, можна падзяліць на знешнія і ўнутраныя (мал. 22-5).

Паразважаем. Устойлівы, моцны вецер хутка мяняе свой кірунак з паваротам направа. Пры тым змяняецца атмасферны ціск і воблачнасць. Як і чаму зменіцца надвор’е?