§ 2. ПРЫРОДНЫЯ ПРЫЧЫНЫ ТРАНСФАРМАЦЫІ ЛІТАСФЕРЫ

Успамінаем. Якія тыпы тэктанічных рухаў вы ведаеце? Назавіце прычыны землетрасенняў і вулканізму. Якія прыродныя працэсы змяняюць рэльеф Зямлі?

Вывучаем, каб ведаць. Чаму неабходна ведаць прыродныя заканамернасці змены геаэкалагічных функцый літасферы? Якія сацыяльна-эканамічныя наступствы выклікаюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў? Як уплываюць эразійныя працэсы на жыццё людзей?
Парушэнне геаэкалагічных функцый літасферы аказвае прамы або апасродкаваны ўплыў на камфортнасць існавання расліннага, жывёльнага свету і чалавечага грамадства. У экстрэмальных выпадках можа прыводзіць да іх гібелі (вымірання).
Асноўныя прыродныя прычыны змен функцый літасферы: актывізацыя тэктанічных рухаў, вулканічнай дзейнасці, сутыкненне Зямлі з астэроідамі. Акрамя прамога ўздзеяння на біёту гэтыя працэсы могуць выклікаць рэзкае павелічэнне колькасці вуглякіслага газу ў атмасферы, павышэнне тэмпературы паветра і марской вады. У выніку адбываецца масавае выміранне жывёл і гібель расліннасці.
У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якая існуе ўзаемасувязь паміж выміраннем жывёл на мяжы мелавога і палеагенавага перыядаў і метэарытамі?