§ 23. ГЕАГРАФІЯ МАШЫНАБУДАВАННЯ СВЕТУ

Успамінаем. Што такое машынабудаванне? Якія віды прадукцыі вырабляе машынабудаванне? Прывядзіце прыклады трох дзяржаў, якія з’яўляюцца сусветнымі лідарамі па вытворчасці прадукцыі машынабудавання.

Для чаго мы гэта вывучаем? 1. Уявіце, што перад вамі стаіць задача па адкрыцці прадпрыемства машынабудавання. З чаго вы пачняце рэалізацыю пастаўленай задачы? Якія фактары размяшчэння вытворчасці і чаму вы будзеце ўлічваць? 2. У цяперашні час усё больш навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх распрацовак укараняюцца ў машынабудаванне. Ці зменіцца гэта тэндэнцыя ў бліжэйшы час? 3. Якія змены зведалі найбуйнейшыя прадпрыемствы машынабудавання нашай краіны?

Структура і фактары размяшчэння машынабудавання. Машынабудаванне з’яўляецца вядучай галіной апрацоўчай прамысловасці свету. Яна забяспечвае астатнія галіны сусветнай гаспадаркі сродкамі працы і рознымі відамі абсталявання. Доля машынабудавання ў структуры апрацоўчай прамысловасці складае 47,5 %.

Паразважаем. Чаму машынабудаванне развіваецца апераджальнымі тэмпамі ў параўнанні з іншымі галінамі прамысловасці?

У структуры машынабудавання вылучаюць старыя, новыя і найноўшыя галіны. Напрыклад, да старых галін адносяць станкабудаванне, суднабудаванне; да новых — аўтамабілебудаванне, авіяракетна-касмічную прамысловасць (АРКП); да найноўшых — электроніку, вытворчасць камп’ютараў, праграмнага забеспячэння і дадаткаў.

Машынабудаўнічая галіна ўключае ў сябе агульнае машынабудаванне, транспартнае машынабудаванне і электратэхніку з электронікай. Калі ў канцы ХХ ст. на кожную падгаліну прыходзілася прыкладна 1/3 сукупнай вытворчасці машын, то ў ХХІ ст. у структуры дамінуе электронная.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму ад узроўню развіцця машынабудавання залежыць узровень развіцця ўсіх галін прамысловасці? Чаму найбольшая патрэба ў робатах узнікае ў аўтамабілебудаванні?

Мал. 159. Агульныя фактары размяшчэння
машынабудавання

На размяшчэнне прадпрыемстваў машынабудавання ўплываюць многія фактары (мал. 159). У апошні час вырашальнае значэнне ў размяшчэнні і развіцці маюць навуковыя распрацоўкі і новыя тэхналогіі ў вытворчасці прадукцыі машынабудавання.

Машынабудаванне адрозніваецца нераўнамернасцю размяшчэння, высокай канцэнтрацыяй асобных вытворчасцей і спецыялізацыяй краін у МГПП, якая склалася. У сувязі з гэтым краіны свету падзяляюцца на дзве групы: з перавагай у структуры старых галін, з перавагай у структуры найноўшых галін машынабудавання.