*§ 19-4. МЕСЦА І РОЛЯ РЫБАЛОЎСТВА Ў СТРУКТУРЫ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Успамінаем. Як даўно ўзнікла рыбалоўства? Якія прамысловыя віды рыб вам вядомыя? Які акіян адрозніваецца найбольшай біяразнастайнасцю? Што такое аквакультура і якія праблемы яна вырашае? Якія віды марскіх насельнікаў знаходзяцца на мяжы знікнення?

Для чаго мы гэта вывучаем? Чаму чалавеку неабходна ўжываць у ежу рыбу і морапрадукты? Якія гатункі рыбы найбольш карысныя? Што з’яўляецца прычынай скарачэння біялагічных рэсурсаў Сусветнага акіяна? Якія праблемы існуюць у сусветным рыбалоўстве? Ці даступны занятак аквакультурай любому жыхару планеты? Якія віды рыб вырошчваюць у рыбных гаспадарках?

Агульная характарыстыка рыбалоўства. Рыбалоўства адносіцца да першаснага сектара сусветнай гаспадаркі і выконвае важную ролю ў забеспячэнні насельніцтва свету харчаваннем і забеспячэнні занятасці мільёнаў людзей. Рыбалоўства займаецца ўловам рыбы і морапрадуктаў, вытворчасцю рыбнай мукі, пажыўных і біялагічных дабавак для фармацэўтыкі, рыбінага тлушчу і інш. Больш за 75 % улову прызначана для харчавання людзей.

У сусветнай гаспадарцы вылучаюць прамысловае, аматарскае і спартыўнае рыбалоўства. Агульны кошт прадукцыі рыбалоўства (мал. 137-15) і аквакультуры свету склаў у 2016 г. 362 млрд дол. Пры гэтым 232 млрд дол, або 64 %, прыйшліся на прадукцыю аквакультуры.

Мал.
Мал. 137-15. Марское рыбалоўства

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Прывядзіце прыклады, як глабальныя праблемы, якія стаяць перад чалавецтвам, адбіліся на біялагічнай разнастайнасці Сусветнага акіяна. Як узаемазвязаны паміж сабой актыўнасць плыні Эль-Ніньё і аб’ёмы рыбалоўнага промыслу?

У сусветным рыбалоўстве заняты каля 60 млн чалавек, з якіх 32 % — у падгаліне аквакультуры. Адносная доля занятых у прамысловым рыбалоўстве скарацілася, тады як доля занятых у аквакультуры вырасла. У 2016 г. 85 % усіх работнікаў сусветнага рыбалоўства і аквакультуры пражывалі ў Азіі.

Рыбалоўны флот налічвае 4,6 млн судоў, асноўная частка якіх прыпадае на азіяцкі рэгіён (75 %).