§ 13. ГЕАГРАФІЯ РАССЯЛЕННЯ СВЕТУ

Успамінаем. Якія асноўныя формы рассялення склаліся ў залежнасці ад фізіка-геаграфічных умоў у працэсе засялення Зямлі людзьмі? Што такое населены пункт? Якія тыпы населеных пунктаў вы ведаеце? Што вы разумееце пад працэсам урбанізацыі?

Для чаго мы гэта вывучаем? Як горад уплывае на навакольнае асяроддзе? Спецыялісты якіх прафесій неабходныя для вырашэння праблем развіцця горада?

Геаграфія рассялення свету, фактары, формы рассялення. Рассяленне насельніцтва — гэта складаны сацыяльна-эканамічны працэс, таму разам з геаграфіяй насельніцтва ён вывучаецца такімі навукамі, як дэмаграфія, сацыялогія, этнаграфія і інш. Для геаграфіі важна разглядаць рассяленне ва ўзаемадзеянні з прыродным асяроддзем і ў гістарычным разрэзе. Гісторыка-геаграфічны падыход дазваляе прасачыць гісторыю асваення чалавекам заселенай тэрыторыі, якая ўключае ўсе заселеныя і асвоеныя людзьмі тэрыторыі.

Рассяленне — гэта працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва з наступным фарміраваннем сеткі паселішчаў.

Паняцце «рассяленне насельніцтва» ўключае ў сябе размяшчэнне насельніцтва. На працэс рассялення насельніцтва ўплываюць тры групы фактараў (мал. 86). З ростам узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця ўплыў прыродных фактараў слабее. Галоўная заканамернасць рассялення насельніцтва — адпаведнасць форм рассялення спосабу вытворчасці і ўзроўню развіцця прадукцыйных сіл.

Рассяленне ў свеце разнастайнае, але пры гэтым вылучаюць дзве асноўныя яго формы — качавое і аселае з перавагай апошняга.

У свеце яшчэ захоўваецца вялікая колькасць народаў, якія ў выніку сваёй асноўнай гаспадарчай дзейнасці — жывёлагадоўлі — вядуць качавы лад жыцця. Напрыклад, у Афрыцы і Азіі (мал. 87, 88).

Усе населеныя пункты дзеляцца на два тыпы — гарадскія і сельскія. У аснове іх вылучэння ляжыць некалькі прыкмет (напр., колькасць насельніцтва, адміністрацыйны статус, шчыльнасць насельніцтва і гушчыня забудовы, асаблівасці планіроўкі і архітэктуры і інш.), але асноўным выступае характар занятасці насельніцтва.

Свет і Беларусь. 1. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка неаднаразова звяртае ўвагу ў сваіх выступленнях, што трэба «вырашыць пытанне прывабнасці жыцця ў вёсцы». Чаму гэта пытанне вельмі актуальнае для нашай дзяржавы? Якія меры падтрымкі ажыццяўляе дзяржава для жыхароў сельскай мясцовасці? 2. Успомніце прыкметы вылучэння гарадскіх паселішчаў у Беларусі. Назавіце агламерацыю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Для рассялення насельніцтва свету найбольш важнай тэндэнцыяй выступае рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гэта тлумачыцца сацыяльна-эканамічным пераўтварэннем горада і вёскі на аснове падзелу працы, які прыводзіць да інтэнсіўнага развіцця індустрыі, транспарту, паслуг.