§ 12. РАЗМЯШЧЭННЕ НАСЕЛЬНІЦТВА СВЕТУ

Успамінаем. Калі і дзе з’явіліся першыя людзі на нашай планеце? Ці раўнамерна размешчана насельніцтва на Зямлі? Якія фактары вызначаюць размяшчэнне людзей?

Для чаго мы гэта вывучаем? Як уплывае змена шчыльнасці насельніцтва на эканамічнае развіццё краіны? Якія праблемы цягнуць за сабой прыродныя катаклізмы і як гэта адбіваецца на размяшчэнні насельніцтва? Якія прагнозы адносна размяшчэння магчыма зрабіць, выкарыстоўваючы статыстычныя дэмаграфічныя паказчыкі? Веды якіх тэрмінаў і паняццяў, вывучаных раней, вам неабходны будуць пры вывучэнні тэмы?

Размяшчэнне насельніцтва свету, асноўныя фактары. Паміж натуральным рухам, міграцыяй і размяшчэннем насельніцтва існуе непасрэдная сувязь. Карціна размяшчэння насельніцтва свету, якая склалася, — гэта вынік двух вышэйзгаданых працэсаў.

Размяшчэнне насельніцтва — працэс асваення і засялення насельніцтвам тэрыторыі айкумены і фарміравання сеткі паселішчаў на пэўны момант часу.

У гісторыі развіцця чалавецтва выбар таго ці іншага месца жыхарства вызначаецца характарам працоўнай дзейнасці і магчымасцю ёю займацца. На працягу развіцця грамадства паступова змяняла і ўскладняла характар заняткаў, якія абумоўлівалі месца размяшчэння чалавека (мал. 79).

У размяшчэнні насельніцтва свету вылучаюць тры асноўныя гістарычныя фактары (мал. 80). Аднак варта ўлічваць і дадатковыя фактары: асаблівасці дэмаграфічнага развіцця, міграцыйны, гістарычны (працягласць перыяду фарміравання насельніцтва на дадзенай тэрыторыі), экалагічны, лакальныя фактары, якія дзейнічаюць толькі на пэўнай тэрыторы.

У цэлым нераўнамернасць размяшчэння — гэта сукупны эфект дзеяння ўсіх фактараў.

Размяшчэнне насельніцтва вывучаецца з дапамогай паказчыка шчыльнасці насельніцтва. Ён разлічваецца як адносіны колькасці пастаяннага насельніцтва да плошчы тэрыторыі (без уліку буйных унутраных водных басейнаў).

Насельніцтва свету вельмі нераўнамерна размешчана на паверхні Зямлі. На 7 % сушы пражывае 70 % насельніцтва. Яно засяроджана пераважна ў Паўночным і Усходнім паўшар’ях, у зоне ўмеранага клімату. З другой паловы ХХ ст. быў характэрны зрух насельніцтва да ўзбярэжжаў. Гэта сфарміравала прыбярэжны характар размяшчэння насельніцтва. Самы высокі ўзровень «марынізацыі» размяшчэння насельніцтва адзначаецца ў Аўстраліі (80 %), самы нізкі — у Афрыцы (каля 18 %). У цяперашні час каля 30 % насельніцтва свету жыве на адлегласці да 50 км ад марскога ўзбярэжжа.

Насельніцтва свету засяроджана ў раёнах з невялікай вышынёй над узроўнем мора. Каля 70 % насельніцтва свету жыве не вышэй за 500 м над узроўнем мора і крыху больш за 8 % — на тэрыторыі вышэй за 1000 м над узроўнем мора. На нізінах больш за ўсё насельніцтва пражывае ў Еўропе (69 %) і Аўстраліі (73); менш за ўсё — у Афрыцы (32) і Паўднёвай Амерыцы (42 %).

У свеце вылучаюць чатыры асноўныя арэалы высокай шчыльнасці насельніцтва і чатыры найбольш рэдказаселеныя арэалы(мал. 81).

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Дзе і чаму ў свеце размешчаны раёны з высокай і нізкай шчыльнасцю насельніцтва? Прывядзіце прыклады, якія даказваюць дадзеныя факты. Як наступства аварыі на ЧАЭС паўплывалі на змяненне размяшчэння насельніцтва краін-суседзяў? З чым звязана высокая шчыльнасць насельніцтва на акіянічных узбярэжжах Амерыкі і Афрыкі?