§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

Успамінаем.  Што такое палітычная карта свету? У чым заключаецца дынамічнасць палітычнай карты свету? Якія этапы фарміравання прайшла сучасная палітычная карта свету? Якія дзяржавы маюць самую вялікую плошчу?

Для чаго мы гэта вывучаем?  Чаму сучаснаму вучню неабходна ведаць асаблівасці фарміравання палітычнай карты свету? Выкажыце здагадку, для якіх спецыяльнасцей у будучыні гэта тэма стане найбольш актуальнай. У якіх установах адукацыі і на якіх спецыяльнасцях магчыма атрымаць адукацыю, звязаную з глыбокімі ведамі працэсаў, што адбываюцца на палітычнай карце свету?

Аб’екты палітычнай карты свету. Палітычная карта свету дынамічная з-за змен, якія адбываюцца з межамі, плошчай дзяржаў і тэрыторый у сувязі з аб’яднаннем, распадам або з’яўленнем суверэнных дзяржаў, зменай формы кіравання або ладу і інш.

Таму асноўнымі аб’ектамі, якія ўзаемадзейнічаюць і ўплываюць на развіццё палітычнай карты свету, з’яўляюцца дзяржавы і тэрыторыі (мал. 8).

Сярод дзяржаў вылучаюць самакіравальныя (незалежныя, суверэнныя) і самаабвешчаныя (непрызнаныя).

Успамінаем. Якімі асаблівасцямі можна ахарактарызаваць суверэнную дзяржаву?