* Тарас Шаўчэнка

 1. З якімі літаратурамі свету суседнічае наша літаратура?
 2. Якіх славутых прадстаўнікоў гэтых літаратур вы можаце назваць?

Паэзія Тараса Шаўчэнкі

Паэзія ўкраінскага Кабзара даволі блізкая да беларускай па светаўспрыманні, ідэйным напаўненні, эстэтыцы. Таму натуральна, што творы Тараса Шаўчэнкі заўжды шмат перакладаліся беларусамі. Так, у 1863 годзе на польскую мову «Кабзар» пераклаў «вясковы лірнік» Уладзіслаў Сыракомля. На пачатку ХХ стагоддзя вершы паэта перакладаў Янка Купала, паэму «Каўказ» — Алесь Гарун. Таксама сярод перакладчыкаў славутага ўкраінскага аўтара — Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Аркадзь Куляшоў. Да 125-гадовага юбілею Тараса Шаўчэнкі выйшаў беларускамоўны зборнік «Кабзар».

Адным з удалых перакладаў Янкі Купалы з Шаўчэнкі стаў напеўны, гарманічны верш «Думка» (1838), у якім паўстае вобраз сіраты «без роду», якому «цяжка жыць». Па сутнасці, гэты твор — плач гаротніка і бедака, абяздоленага ад нараджэння. Герой верша — казáк, як і ў многіх народных песнях усходніх славян. Сацыяльны канфлікт у творы толькі прадчуваецца, а навідавоку фальклорны матыў наканаванасці, злога лёсу.

Ходзіць доля ў каго полем,
Каласкі збірае,                   
А мая дзесь, нягодніца,     
За морам блукае.               

Бяздольнасць — гэта не толькі сацыяльная прыніжанасць, але і адсутнасць перспектывы якога-небудзь развіцця. Лірычны герой Шаўчэнкі ўсведамляе, што ён чужы, незаўважны ў свеце заможных: яго нават пры сустрэчы «людзі вокам абмінаюць».

Багатага, губатага           
Дзяўчына шануе;            
З мяне, сіраты гаротнай,
Смяецца, жартуе.           

Толькі і застаецца казаку, што шукаць лепшай долі ў чужым краі. Тут таксама адчуваецца моцны ўплыў народнай творчасці. Ва ўкраінскім фальклоры шмат сюжэтаў, звязаных з вымушаным падарожжам на чужыну, смерцю ўдалечыні ад бацькоўскіх загонаў.

У вершы «Садок вішнёвы каля хаты» (1847) ствараецца ідэальны малюнак Радзімы: украінскай вёскі з працавітым і добразычлівым людам. З хатай, перапоўненай дзецьмі, вішнёвым садочкам каля парога, салаўінымі спевамі і галасамі дзяўчат. Відавочна, такі настальгічны ўспамін пра вёску быў спосабам псіхалагічнай самарэабілітацыі паэта, які ў гэтым годзе быў аддадзены ў войска.

Лёгкасці, празрыстасці верша, у нечым падобнага на шаўчэнкаўскі малюнак «Сялянскі падворак», паэт дасягнуў праз выкарыстанне пяцірадковіка з рыфмай АББААБ, дзе А — жаночыя рыфмы, а Б — мужчынскія:

Садок вішнёвы каля хаты,            
Хрушчы над вішнямі гудуць,       
Ратаі з ворыва ідуць,                   
У вёску спеў нясуць дзяўчаты —
І рады маткі іх пачуць.                 
                                                        Пераклад Н. Гілевіча.

Літаратурныя сувязі. Лічыцца, што творы Францішка Багушэвіча маглі ўзнікнуць у выніку знаёмства паэта з творчасцю Тараса Шаўчэнкі.

Па сведчаннях саміх пісьменнікаў, Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля і іншыя ўпершыню пазнаёміліся з творчасцю Шаўчэнкі праз украінскае выданне зборніка «Кабзар». Як прыгадваў знакаміты фалькларыст Рыгор Шырма, «у Заходняй Беларусі пачатку ХХ стагоддзя амаль кожны народны настаўнік меў у сябе на кніжнай палічцы “Кабзара” Тараса Шаўчэнкі на мове арыгінала» (Паводле Вячаслава Рагойшы, Таццяны Кабржыцкай).