§ 29. ГЕАГРАФІЯ ФІНАНСАВЫХ ПАСЛУГ У СВЕЦЕ
![]() Успамінаем. Да якой групы паслуг адносяцца фінансавыя паслугі? Чаму фінансавыя паслугі з’яўляюцца аднымі з найстарэйшых і самых распаўсюджаных у свеце? Чым можна растлумачыць, што сярод найбуйнейшых ТНК свету знаходзяцца найбуйнейшыя банкі? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Уявіце сітуацыю, калі вашы знаёмыя плануюць здзейсніць вялікую пакупку, але не маюць усёй сумы грошай. Як вы параіце ім паступіць? Уявіце, што вы назапасілі пэўную суму зберажэнняў і звярнуліся ў банк за недастаючай сумай. Як вы выкарыстаеце свае зберажэнні і на што параіце ўсім звярнуць увагу пры здзяйсненні банкаўскіх аперацый? |
Крыптавалюта і яе роля ў сусветнай гаспадарцы. За апошнія некалькі гадоў сусветная гаспадарка на ўсіх яе ўзроўнях (мікра-, меза-, глабальная эканоміка) становіцца ўсё больш тэхналагічнай, лічбавай і нават воблачнай. Лічбавізацыя эканомікі характарызуецца стварэннем на розных узроўнях сусветнай гаспадаркі інфармацыйна-лічбавых платформ і аператараў, якія дазваляюць вырашаць розныя гаспадарчыя задачы: развіццё медыцыны, навукі, адукацыі, транспарту, новай індустрыялізацыі і інш.
Сусветныя фінансавыя паслугі, як і ўся сусветная гаспадарка, становяцца залучанымі ў працэс лічбавізацыі. Са з’яўленнем інтэрнэту сталі папулярнымі плацяжы ў Сетцы. Такім чынам з’явіліся розныя электронныя валюты (напрыклад, Яндэкс. Грошы, WebMoney і інш.). Аднак гэта быў толькі першы крок. За ім пайшло стварэнне інфармацыйнай валюты ў якасці сродку плацяжу і абмену, электронных грошай — крыптавалют.
![]() Крыптавалюта — гэта разнавіднасць лічбавай валюты (электронныя, або віртуальныя, грошы, створаныя па тэхналогіі крыптаграфіі), якая не мае фізічнага выражэння і служыць для правядзення ананімных фінансавых аперацый і плацяжоў з высокім узроўнем абароненасці. |
Адзінкай крыптавалюты з’яўляецца «coin», што ў перакладзе з англійскай мовы азначае «манета».
У цяперашні час у свеце існуе звыш 1170 відаў крыптавалют. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца біткоін (Bitcoin) і эфірыум (Etherium). Гэтыя валюты прымаюць усе існуючыя абменныя пункты і біржы.
Біткоін — найбольш папулярная крыптавалюта і своеасаблівы яе родапачынальнік. Сваім з’яўленнем Bitcoin паклаў пачатак развіццю ўсіх астатніх падобных валют. Распрацоўшчыкам з’яўляецца група праграмістаў Сатошы Накамота.
Статус біткоіна ў розных краінах адрозніваецца. Ёсць краіны, дзе крыптавалюты не толькі маюць прававы статус, але і ўкаранёны ў паўсядзённае жыццё. Да іх адносяцца перш за ўсё Японія, ЗША, Канада. Афіцыйны прававы статус біткоін мае таксама ў Аўстраліі, Рэспубліцы Карэя, Швецыі, Фінляндыі.
Забароненыя біткоіны або ўведзены абмежаванні на іх выкарыстанне ў такіх краінах, як, напрыклад, Кітай, Бангладэш, Ісландыя, Ліван і інш.
Эфірыум быў прапанаваны В. Буцерыным у канцы 2013 г., сетка была запушчана ў 2015 г.
У адрозненне ад іншых крыптавалют, аўтары не абмяжоўваюць ролю эфірыума плацяжамі, а прапануюць яго, напрыклад, у якасці сродку для абмену рэсурсамі.
Нягледзячы на ўсе свае рэвалюцыйныя ўласцівасці, крыптавалютная індустрыя сутыкаецца з шэрагам праблем. Адной з асноўных з’яўляецца бяспека плацежных аперацый.
![]() Паразважаем. З якімі яшчэ праблемамі можа быць звязана выкарыстанне крыптавалюты? Якімі прычынамі можна растлумачыць, чаму ў шэрагу краін яна забаронена? |