§ 29. ГЕАГРАФІЯ ФІНАНСАВЫХ ПАСЛУГ У СВЕЦЕ

Успамінаем. Да якой групы паслуг адносяцца фінансавыя паслугі? Чаму фінансавыя паслугі з’яўляюцца аднымі з найстарэйшых і самых распаўсюджаных у свеце? Чым можна растлумачыць, што сярод найбуйнейшых ТНК свету знаходзяцца найбуйнейшыя банкі?

Для чаго мы гэта вывучаем? Уявіце сітуацыю, калі вашы знаёмыя плануюць здзейсніць вялікую пакупку, але не маюць усёй сумы грошай. Як вы параіце ім паступіць? Уявіце, што вы назапасілі пэўную суму зберажэнняў і звярнуліся ў банк за недастаючай сумай. Як вы выкарыстаеце свае зберажэнні і на што параіце ўсім звярнуць увагу пры здзяйсненні банкаўскіх аперацый?

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі і іх роля ў развіцці сусветнай гаспадаркі. Фарміраванне міжнародных фінансавых рынкаў, іх інтэрнацыяналізацыя, інтэграцыйныя працэсы ў гандлі капіталамі запатрабавалі стварэння міжнародных фінансавых арганізацый.

Міжнародная фінансавая сістэма была сфарміравана адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Менавіта тады былі створаны дзве ключавыя арганізацыі ў галіне міжнародных фінансавых адносін — Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР, International Bank for Reconstruction and Development) і Міжнародны валютны фонд (МВФ, International Monetary Found). Іх стварэнне было абумоўлена неабходнасцю аднаўлення эканомік Еўропы пасля Другой сусветнай вайны і пашырэння фінансавага супрацоўніцтва краін з мэтай выпрацоўкі найбольш аптымальнага шляху пераадолення фінансавых праблем.

Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (мал. 201) пачаў функцыянаваць у 1946 г. Першапачаткова яго мэтай было стымуляванне інвестыцый у краіны Заходняй Еўропы. Да канца 1950-х гг. МБРР стаў ажыццяўляць інвестыцыі ў іншыя рэгіёны — Паўднёва-Усходнюю Азію, Лацінскую Амерыку. Акрамя інвестыцый ён таксама спрыяе развіццю міжнароднага гандлю, публікуе знешнеэканамічную статыстыку. МБРР бачыць сваю мэту ў прыцягненні прыватных інвестыцый у інфраструктуру і галіны прамысловай вытворчасці, у тыя галіны, куды прыватны капітал ідзе звычайна не вельмі актыўна. З 1990-х гг. МБРР займаецца праблемай урэгулявання знешніх даўгоў краін, якія развіваюцца.

Міжнародны валютны фонд (мал. 202) пачаў сваю дзейнасць у 1947 г. Ён быў створаны для садзейнічання развіццю сусветнага гандлю і валютнага супрацоўніцтва. МВФ дае крэдыты пры дэфіцыце плацежнага балансу дзяржавы шляхам продажу замежнай валюты за нацыянальную валюту асобных дзяржаў, рэгулюе валютныя курсы, ліквідуе валютныя абмежаванні і г. д.

Устаўны капітал МВФ фарміруецца за кошт узносаў дзяржаў-членаў. Самай вялікай колькасцю галасоў у МВФ валодаюць ЗША. У апошні час у МВФ адбываюцца працэсы пераразмеркавання квот на карысць краін, якія развіваюцца, і новых індустрыяльна развітых краін. Зараз МВФ адыгрывае актыўную ролю ва ўрэгуляванні глабальнага фінансавага крызісу 2008–2009 гг., дапамагае краінам, якія сутыкнуліся з фінансавымі катаклізмамі. Можна сказаць, што МВФ з’яўляецца своеасаблівым сусветным міністэрствам фінансаў або цэнтральным банкам.

Нараўне з МВФ і МБРР узнік шэраг рэгіянальных фінансавых арганізацый: найбуйнейшая з іх — Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Яго задача — ажыццяўляць фінансавую дапамогу дзяржавам Еўропы і перш за ўсё Усходняй Еўропы.