§ 29. ГЕАГРАФІЯ ФІНАНСАВЫХ ПАСЛУГ У СВЕЦЕ
![]() Успамінаем. Да якой групы паслуг адносяцца фінансавыя паслугі? Чаму фінансавыя паслугі з’яўляюцца аднымі з найстарэйшых і самых распаўсюджаных у свеце? Чым можна растлумачыць, што сярод найбуйнейшых ТНК свету знаходзяцца найбуйнейшыя банкі? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Уявіце сітуацыю, калі вашы знаёмыя плануюць здзейсніць вялікую пакупку, але не маюць усёй сумы грошай. Як вы параіце ім паступіць? Уявіце, што вы назапасілі пэўную суму зберажэнняў і звярнуліся ў банк за недастаючай сумай. Як вы выкарыстаеце свае зберажэнні і на што параіце ўсім звярнуць увагу пры здзяйсненні банкаўскіх аперацый? |
Найбуйнейшыя фінансавыя цэнтры свету. Па меры ўзбуйнення банкаў і канцэнтрацыі фінансавай дзейнасці сталі ўзнікаць фінансавыя цэнтры. Яны могуць быць нацыянальнымі і міжнароднымі.
![]() Міжнародны фінансавы цэнтр — гэта цэнтр засяроджвання буйных міжнародных капіталаў і маштабнага правядзення разнастайных міжнародных фінансавых аперацый. |
Міжнародныя фінансавыя цэнтры з’яўляюцца сёння ключавымі пляцоўкамі глабальнай фінансавай сістэмы. На іх адбываецца прыцягненне і кіраванне патокамі капіталу з усяго свету. Яны збіраюць і пераразмяркоўваюць па ўсім свеце капіталы і засяроджваюць у сваіх руках найважнейшыя валютныя, крэдытныя, страхавыя і іншыя фінансавыя аперацыі. Агульная колькасць сусветных фінансавых цэнтраў — 96. Такія цэнтры адрозніваюцца па спецыялізацыі прадастаўляемых паслуг, але могуць мець і шырокую структуру.

Сінгапура HSBC
У сусветнай структуры пераважаюць азіяцкія фінансавыя цэнтры. Найбуйнейшымі сярод іх з’яўляюцца Ганконг, Сінгапур, Токіа, Шанхай і Пекін.
У Еўропе — гэта Лондан, Цюрых і Франкфурт, у Паўночнай Амерыцы — Нью-Ёрк, Таронта, Сан-Францыска. У Афрыцы і на Блізкім Усходзе — Дубай, Абу-Дабі і Касабланка. У Лацінскай Амерыцы — Кайманавы астравы, Бярмуды і Багамы.
Па даных Global Financial Cеnters Index за 2017 г., пяццю найбуйнейшымі фінансавымі цэнтрамі свету з’яўляюцца: Лондан, Нью-Ёрк, Сінгапур (мал. 200), Ганконг і Токіа. У лік новых фінансавых цэнтраў, якія ўключаны ў сусветны рэйтынг, аднесены Астана (Казахстан), Баку (Азербайджан), Нью-Дэлі (Індыя) і Цяньцзінь (Кітай).
![]() Папрацуем з атласам. У якім рэгіёне свету размешчана найбольшая колькасць фінансавых цэнтраў? Растлумачце геаграфію іх з’яўлення. |
![]() Свет і Беларусь. Якія банкі ў Рэспубліцы Беларусь вы ведаеце? Чым можна растлумачыць, што ўсе іх галаўныя офісы размешчаны ў сталіцы — г. Мінску? Ці выкарыстоўваюцца ў Беларусі віртуальныя грошы? |