§ 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ
Успамінаем. Якія віды транспарту вы ведаеце? Якія адметныя рысы паветранага транспарту? Чым адрозніваецца аўтамабільны транспарт ад іншых яго відаў? Якія праблемы выклікае развіццё чыгуначнага транспарту? Якія грузы перавозяць трубаправодным транспартам? |
Для чаго мы гэта вывучаем? Якія геаграфічныя веды патрэбныя, каб спраектаваць і пабудаваць чыгунку? Калі вам прыйдзецца планаваць падарожжа, як вам дапамогуць веды геаграфіі транспарту? Уявіце сябе дырэктарам металургічнага камбіната, які будуецца. Як правільна выбраць пастаўшчыка жалезнай руды, калі камбінат размешчаны ў раёне, дзе яна адсутнічае, але ёсць іншыя фактары размяшчэння? |
Аўтамабільны транспарт. Адным з відаў транспарту, які найбольш дынамічна развіваецца, з’яўляецца аўтамабільны. Галоўныя тэндэнцыі яго развіцця — павелічэнне колькасці дарог з цвёрдым пакрыццём, пашырэнне сеткі аўтамагістралей, рост значэння транскантынентальных магістралей. Найбольшай працягласцю аўтадарог характарызуюцца краіны Паўночнай Амерыкі і Заходняй Еўропы. Аўтамагістраль (аўтастрада) уяўляе з сябе шматпалосную скорасную аўтадарогу з удасканаленым пакрыццём, якая не перасякаецца на адным узроўні з іншымі аўтадарогамі. Працягласць усіх аўтамагістралей у свеце складае 326 тыс. км. Найбольш працяглымі сістэмамі аўтастрад валодаюць Кітай (96 тыс. км), ЗША (76) і Заходняя Еўропа (66 тыс. км).
для перавозкі аўтамабіляў у тунэлі Сімплтан У свеце цікавага. Швейцарыя выгадна выкарыстоўвае сваё геаграфічнае становішча, а менавіта цэнтральнасць і транзітнасць у Еўрапейскім саюзе. Урад краіны задумаўся над змяншэннем адмоўнага ўздзеяння аўтамабільнага транспарту на навакольнае асяроддзе. На праведзеным у 1994 г. рэферэндуме насельніцтва краіны прагаласавала за тое, каб замежныя грузы перавозіліся праз тэрыторыю Швейцарыі толькі па чыгунцы. Тунэль Сімплтан, які злучае Швейцарыю і Італію, пабудаваны ў 1905 г., — адзін з самых доўгіх у свеце (19,5 км). У ім, як і ў іншых тунэлях, нават аўтамабілі перамяшчаюцца на спецыяльных чыгуначных платформах (так званыя аўтамабільныя паромы) (мал. 189), што памяншае выкіды выхлапных газаў. |