§ 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ
Успамінаем. Якія віды транспарту вы ведаеце? Якія адметныя рысы паветранага транспарту? Чым адрозніваецца аўтамабільны транспарт ад іншых яго відаў? Якія праблемы выклікае развіццё чыгуначнага транспарту? Якія грузы перавозяць трубаправодным транспартам? |
Для чаго мы гэта вывучаем? Якія геаграфічныя веды патрэбныя, каб спраектаваць і пабудаваць чыгунку? Калі вам прыйдзецца планаваць падарожжа, як вам дапамогуць веды геаграфіі транспарту? Уявіце сябе дырэктарам металургічнага камбіната, які будуецца. Як правільна выбраць пастаўшчыка жалезнай руды, калі камбінат размешчаны ў раёне, дзе яна адсутнічае, але ёсць іншыя фактары размяшчэння? |
Чыгуначны транспарт. Чыгуначны транспарт, сусветная сетка якога склалася на пачатку ХХ ст., развіваецца ў цяперашні час за кошт павелічэння інтэнсіўнасці руху, паляпшэння рухомага складу, стварэння высакаскорасных ліній. Найбольшай працягласцю чыгуначных шляхоў характарызуюцца краіны з вялікімі тэрыторыямі — Расія, ЗША, Кітай, Індыя, Канада. Найбольшая гушчыня дарог характэрна для краін Еўропы (Бельгія, Германія, Швейцарыя). Самым дынамічным рэгіёнам па развіцці чыгуначнага транспарту як паводле росту грузаабароту, так і пасажыраабароту з’яўляецца Азія.
Адной з асноўных тэндэнцый развіцця чыгуначнага транспарту з’яўляецца стварэнне звышскорасных цягнікоў на магнітным падвешванні (адштурхванні). Такі від транспарту быў названы левіціруючым, а цягнікі атрымалі назву маглеў (мал. 188).
Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Першыя эксперыментальныя лініі былі запушчаны ў Германіі ў 1970-я гг. (максімальная скорасць цягнікоў 400 км/г). Пазней была адкрыта першая камерцыйная высакаскорасная лінія ў Шанхаі (скорасць да 450 км/г). Плануецца збудаванне першай міжгародняй лініі ў Японіі. |
Паразважаем. Агульная працягласць чыгунак перавышае 1 млн км. У цяперашні час яна не павялічваецца, а ў многіх развітых краінах нават скарачаецца. Як вы лічыце, чаму такое адбываецца ў перыяд хуткага развіцця прамысловай вытворчасці і індустрыялізацыі ў цэлым? |