§ 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ

Успамінаем. Якія віды транспарту вы ведаеце? Якія адметныя рысы паветранага транспарту? Чым адрозніваецца аўтамабільны транспарт ад іншых яго відаў? Якія праблемы выклікае развіццё чыгуначнага транспарту? Якія грузы перавозяць трубаправодным транспартам?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якія геаграфічныя веды патрэбныя, каб спраектаваць і пабудаваць чыгунку? Калі вам прыйдзецца планаваць падарожжа, як вам дапамогуць веды геаграфіі транспарту? Уявіце сябе дырэктарам металургічнага камбіната, які будуецца. Як правільна выбраць пастаўшчыка жалезнай руды, калі камбінат размешчаны ў раёне, дзе яна адсутнічае, але ёсць іншыя фактары размяшчэння?

Марскі транспарт. Марскі транспарт з’яўляецца вядучым у структуры грузаперавозак. Ён у найбольшай ступені спрыяе інтэрнацыяналізацыі эканамічнай дзейнасці. У структуры грузаў, якія перавозяць, пераважае нафта, далей ідуць кантэйнерныя перавозкі, жалезная руда, вугаль і збожжа. Аб узроўні развіцця марскога транспарту можна меркаваць па колькасці і танажы суднаў і наяўнасці партоў.

З развіццём марскога транспарту звязана такое паняцце, як рэгістрацыя суднаў пад «таннымі», або «зручнымі», сцягамі. Яно заключаецца ў стварэнні рэжыму льготнага падаткаабкладання для суднаўладальнікаў. У 2015 г. краінамі з самым вялікім флотам «танных» сцягоў былі Панама (каля 5,2 тыс. суднаў), Ліберыя (2,6) і Маршалавы астравы (1,5 тыс. суднаў).

Найбольш важныя марскія шляхі перасякаюць Атлантычны, Ціхі і Індыйскі акіяны. У апошні час актыўна развіваюцца трансціхаакеанскія маршруты.

У свеце налічваецца звыш 3 тыс. марскіх партоў. Найбуйнейшымі марскімі партамі па грузаабароце з’яўляюцца Шанхай (645 тыс. т), Сінгапур (538), Цяньцзінь (477 тыс. т). Да найбуйнейшых кантэйнерных партоў свету адносяць Шанхай, Сінгапур, Пусан.

Папрацуем з атласам. З якога аднаго з трох найбуйнейшых марскіх партоў танней за ўсё даставіць грузы ў нашу краіну? Да якога аднаго з вядучых аэрапортаў свету жыхару Беларусі дабрацца хутчэй за ўсё?