*§ 24-1. ГЕАГРАФІЯ ВЫСОКАТЭХНАЛАГІЧНЫХ ГАЛІН СВЕТУ
Успамінаем. Якія змены адбываюцца ў галіновай структуры сусветнай гаспадаркі пад уплывам навукова-тэхнічнага прагрэсу? Прывядзіце прыклады новых відаў хімічнай прадукцыі, прадукцыі харчовай прамысловасці, якія з’явіліся ў выніку развіцця навукі. Які ўплыў аказала трэцяя НТР на развіццё сферы паслуг? Якія падгаліны і віды эканамічнай дзейнасці адносяць да высокатэхналагічных? |
Высокатэхналагічныя вытворчасці ў сусветнай гаспадарцы. Развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу прывяло да фарміравання ў сусветнай гаспадарцы высокатэхналагічных галін і новых відаў эканамічнай дзейнасці. У эпоху постындустрыялізму менавіта яны становяцца своеасаблівымі індыкатарамі высокага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця. Віды эканамічнай дзейнасці, якія патрабуюць у цяперашні час найбольшых выдаткаў на навуковыя распрацоўкі, увайшлі ў групу высокатэхналагічных галін.