§ 24. ГЕАГРАФІЯ ХІМІЧНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Успамінаем. Што з’яўляецца сыравінай для развіцця хімічнай прамысловасці? Якія віды прадукцыі вырабляе хімічная прамысловасць? Чым адрозніваецца спецыялізацыя хімічнай прамысловасці развітых краін і краін свету, якія развіваюцца?

Для чаго мы гэта вывучаем? Падумайце, ці магчыма ў цяперашні час чалавеку цалкам адмовіцца ад выкарыстання прадукцыі хімічнай прамысловасці. Якую прадукцыю хімічнай вытворчасці ваша сям’я выкарыстоўвае штодня? Як вы лічыце, ці патрэбны сучаснаму грамадству высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне хімічнай вытворчасці і чаму штогод абнаўляецца пералік спецыяльнасцей па падрыхтоўцы спецыялістаў-хімікаў ва ўстановах адукацыі?

*Рэгіёны хімічнай прамысловасці свету. Хімічная прамысловасць свету з’яўляецца ўсёабдымнай па геаграфічным і галіновым ахопе. У свеце практычна не засталося краін, якія не былі б уцягнутыя ў МГПП у хімічных вытворчасцях. Разам з гэтым у структуры сусветнай гаспадаркі не засталося галін, якія б выкарыстоўвалі прадукцыю хімічнай прамысловасці для сваіх патрэб. Міжнародная спецыялізацыя абумовіла вылучэнне трох рэгіёнаў хімічнай прамысловасці: еўрапейскага, паўночнаамерыканскага і азіяцкага.

Еўрапейскі рэгіён вырабляе 32 % хімічнай прадукцыі ў свеце, і для яго характэрна самая вялікая ў свеце доля занятых у галіне. У рэгіёне ёсць уласная сыравінная база для развіцця хімічных вытворчасцей (кухонная соль, каменная соль, фасфарыты, самародная сера, пірыты, вапнякі і інш.). Асаблівасцю спецыялізацыі з’яўляецца высокая доля прадукцыі высокага кошту і вялікага экспартнага значэння (касметычныя і парфумерныя тавары, фармацэўтыка). Тут размешчаны штаб-кватэры вядучых хімічных ТНК свету. Еўропа адыгрывае важную ролю ў знешнім гандлі свету хімічнымі таварамі, забяспечваючы 2/3 сусветнага абароту.

Доля Паўночнаамерыканскага рэгіёна складае каля 30 %. У ім засяроджаны ўнікальныя запасы горнахімічнай і вуглевадароднай сыравіны, водных рэсурсаў для стварэння вадаёмістых і энергаёмістых хімічных вытворчасцей. Адметнымі асаблівасцямі рэгіёна з’яўляюцца вялікі ўнутраны рынак спажыўцоў разнастайнай хімічнай прадукцыі і магутны навукова-тэхнічны патэнцыял, які забяспечвае стварэнне інавацыйных тэхналогій і абсталявання. Асноўнымі галінамі спецыялізацыі выступаюць вытворчасць мінеральных угнаенняў, палімерных матэрыялаў, гуматэхнічная прамысловасць, фармацэўтычная і парфумерна-касметычная. У знешнім гандлі доля рэгіёна невялікая ў параўнанні з Еўропай.

Азіяцкі рэгіён вырабляе каля 29–30 % сусветнага аб’ёму хімічнай прадукцыі і адрозніваецца больш высокімі тэмпамі попыту на яе. Рэгіён мае неабмежаваныя рэсурсы таннай працоўнай сілы для працаёмкіх вытворчасцей галіны, і ў многіх краінах адсутнічаюць экалагічныя абмежаванні. У структуры ёсць усе вытворчасці сучаснай структуры галіны. У рэгіёне прадстаўлены гістарычны лідар хімічнай прамысловасці свету — Японія, на долю якой прыходзіцца 18 % прадукцыі галіны ў свеце і 62 % прадукцыі ў Азіі, і новыя лідары — Кітай, краіны Персідскага заліва і НІК (новыя індустрыяльныя краіны). У экспарце пераважае высокатэхналагічная прадукцыя, у імпарце — масавыя танныя хімікаты (мінеральныя ўгнаенні, неарганічныя кіслоты, шчолачы і інш.).