§ 24. ГЕАГРАФІЯ ХІМІЧНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Успамінаем. Што з’яўляецца сыравінай для развіцця хімічнай прамысловасці? Якія віды прадукцыі вырабляе хімічная прамысловасць? Чым адрозніваецца спецыялізацыя хімічнай прамысловасці развітых краін і краін свету, якія развіваюцца?

Для чаго мы гэта вывучаем? Падумайце, ці магчыма ў цяперашні час чалавеку цалкам адмовіцца ад выкарыстання прадукцыі хімічнай прамысловасці. Якую прадукцыю хімічнай вытворчасці ваша сям’я выкарыстоўвае штодня? Як вы лічыце, ці патрэбны сучаснаму грамадству высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне хімічнай вытворчасці і чаму штогод абнаўляецца пералік спецыяльнасцей па падрыхтоўцы спецыялістаў-хімікаў ва ўстановах адукацыі?

Геаграфія вытворчасці сінтэтычных смол і пластмас.

Геаграфія вытворчасці сінтэтычных смол і пластмас у свеце развіваецца хуткімі тэмпамі. Так, калі ў 1950 г. іх выпуск складаў 1,6 млн т, то ў цяперашні час дасягнуў амаль 300 млн т. У другой палове XX ст. асноўнымі вытворцамі былі Паўночная Амерыка і Еўропа — 43 % і 37 % адпаведна.

У цяперашні час вядучую пазіцыю займае Азія — 46 %. Адпаведна, змяняюцца і краіны, якія лідзіруюць у вытворчасці. З 2005 г. Кітай становіцца вядучым вытворцам пластмас у свеце, на долю якога прыходзіцца 25 %. ЗША і Германія гістарычна нязменна ўваходзяць у вядучую тройку краін, якія выпускаюць дадзеную прадукцыю, займаючы 12 % і 5 % сусветнага рынку адпаведна.