§ 24. ГЕАГРАФІЯ ХІМІЧНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ
Успамінаем. Што з’яўляецца сыравінай для развіцця хімічнай прамысловасці? Якія віды прадукцыі вырабляе хімічная прамысловасць? Чым адрозніваецца спецыялізацыя хімічнай прамысловасці развітых краін і краін свету, якія развіваюцца? |
Для чаго мы гэта вывучаем? Падумайце, ці магчыма ў цяперашні час чалавеку цалкам адмовіцца ад выкарыстання прадукцыі хімічнай прамысловасці. Якую прадукцыю хімічнай вытворчасці ваша сям’я выкарыстоўвае штодня? Як вы лічыце, ці патрэбны сучаснаму грамадству высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне хімічнай вытворчасці і чаму штогод абнаўляецца пералік спецыяльнасцей па падрыхтоўцы спецыялістаў-хімікаў ва ўстановах адукацыі? |
Роля ў сусветнай гаспадарцы і структура хімічнай прамысловасці. Хімічная прамысловасць з’яўляецца адной з навукаёмістых галін сусветнай гаспадаркі, якая найбольш дынамічна развіваецца. Яе развіццё сведчыць аб узроўні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў краіне. Доля галіны ў структуры апрацоўчай прамысловасці свету складае 9 %, у развітых краінах — 8,7 %, у краінах, якія развіваюцца, — 10,3 %.
У свеце ўсё ўзаемазвязана. Роля і значэнне хімічнай галіны ў эканоміцы вызначаюцца ўнікальнасцю выпускаемай прадукцыі, якая валодае асаблівымі ўласцівасцямі, з’яўляецца незаменнай у іншых галінах прамысловасці. Прывядзіце прыклады, якія даказваюць незаменнасць прадукцыі дадзенай галіны. Чаму ўзровень развіцця хімічнай прамысловасці залежыць ад узроўню развіцця эканомікі краіны? |
У структуры хімічнай прамысловасці вылучаюць: 1) неарганічную, або асноўную, хімію, якая ўключае вытворчасць кіслот, шчолачаў, мінеральных угнаенняў; 2) арганічную хімію, ці хімію арганічнага сінтэзу, якая выпускае палімеры, хімічныя валокны, пластмасы; 3) тонкую хімію, якая вырабляе бытавую хімію, лакафарбавыя вырабы, парфумерна-касметычную прадукцыю, фармацэўтыку.