§ 23. ГЕАГРАФІЯ МАШЫНАБУДАВАННЯ СВЕТУ

Успамінаем. Што такое машынабудаванне? Якія віды прадукцыі вырабляе машынабудаванне? Прывядзіце прыклады трох дзяржаў, якія з’яўляюцца сусветнымі лідарамі па вытворчасці прадукцыі машынабудавання.

Для чаго мы гэта вывучаем? 1. Уявіце, што перад вамі стаіць задача па адкрыцці прадпрыемства машынабудавання. З чаго вы пачняце рэалізацыю пастаўленай задачы? Якія фактары размяшчэння вытворчасці і чаму вы будзеце ўлічваць? 2. У цяперашні час усё больш навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх распрацовак укараняюцца ў машынабудаванне. Ці зменіцца гэта тэндэнцыя ў бліжэйшы час? 3. Якія змены зведалі найбуйнейшыя прадпрыемствы машынабудавання нашай краіны?

Лінейка робатаў ТНК FANUC уключае самага «моцнага» з прамысловых робатаў, якія серыйна выпускаюцца ў свеце, з максімальнай грузападымальнасцю 1350 кг; высокадакладныя і хуткасныя зварачныя робаты; серыю грузападымальных робатаў з магчымасцю ўпакоўкі гатовай прадукцыі. Дзейнасць вядучага нямецкага вытворцы прамысловых робатаў KUKA сканцэнтравана на вытворчасці робатаў, якія ўжываюцца ў розных галінах: ад аўтамабільнай і металургічнай да харчовай. Нямецкая кампанія была заснавана ў 1898 г. у Аўгсбургу. Сёння ў асартыменце кампаніі ёсць шмат відаў робатаў, якія выконваюць розныя задачы. Робатаў KUKA выкарыстоўваюць ва ўсім свеце на заводах: для аперацый па зварцы, пагрузцы, упакоўцы, апрацоўцы, зборцы і інш. Машыны KUKA класіфікуюць па ўзроўні грузападымальнасці: малы (5–16 кг), сярэдні (30–60 кг) і вялікі (90–300 кг).

Спецыялізацыя ТНК ABB — гэта электратэхніка, энергетычнае машынабудаванне, робататэхніка. ABB з’явілася ў 1988 г. і сёння займае лідзіруючыя пазіцыі ў вытворчасці прамысловых робатаў (агульная колькасць перавышае 20 000).

Кампанія вырабляе прамысловыя робаты, спецыяльнае абсталяванне і інструменты, праграмнае забеспячэнне для мадэлявання робататэхнічных комплексаў, спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для зваркі і апрацоўкі пластыка, вытворчыя ячэйкі, комплексныя сістэмы для аўтамабільнай прамысловасці.