§ 22. ГЕАГРАФІЯ МЕТАЛУРГІІ СВЕТУ
Успамінаем. Руды якіх металаў адносяцца да чорных металаў, якіх — да каляровых? З чаго вырабляецца першасны метал, з чаго — другасны? Якія фактары ўплываюць на размяшчэнне металургічных вытворчасцей? Як звязаны паміж сабой электраэнергетыка і вытворчасць каляровых металаў? |
Для чаго мы гэта вывучаем? Ці магчыма сёння адмовіцца ад выкарыстання металаў і замяніць іх іншымі канструкцыйнымі матэрыяламі? Ці аказала ўплыў НТР на развіццё металургічнага комплексу? Для чаго насельніцтва збірае металалом? |
Геаграфія чорнай металургіі. Доля чорнай металургіі ў сусветнай прамысловай вытворчасці складае 10 %. Асноўнай сыравінай для вытворчасці чорных металаў служаць жалезныя руды. У свеце здабываецца 2400 млн т жалезнай руды. Вядучае месца належыць Азіі (50 %), Аўстраліі (17), Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы (16,7 %). Лідарамі ў здабычы жалезных руд выступаюць Аўстралія, дзе засяроджана 37 % сусветнай здабычы, Бразілія і Кітай.
У склад чорнай металургіі ўваходзяць жалезарудная, чыгуналіцейная, сталеплавільная і пракатная вытворчасці.