§ 22. ГЕАГРАФІЯ МЕТАЛУРГІІ СВЕТУ

Успамінаем. Руды якіх металаў адносяцца да чорных металаў, якіх — да каляровых? З чаго вырабляецца першасны метал, з чаго — другасны? Якія фактары ўплываюць на размяшчэнне металургічных вытворчасцей? Як звязаны паміж сабой электраэнергетыка і вытворчасць каляровых металаў?

Для чаго мы гэта вывучаем? Ці магчыма сёння адмовіцца ад выкарыстання металаў і замяніць іх іншымі канструкцыйнымі матэрыяламі? Ці аказала ўплыў НТР на развіццё металургічнага комплексу? Для чаго насельніцтва збірае металалом?

Агульная характарыстыка металургіі. Металургія адносіцца да найстарэйшых і базавых галін апрацоўчай прамысловасці. Першыя металургічныя прадпрыемствы з’явіліся ў Германіі ў XVI ст. Доля металургіі ў структуры апрацоўчай прамысловасці свету складае 5 %, у развітых краінах — 4, у краінах, якія развіваюцца, — 7 %. Адметнымі асаблівасцямі галіны з’яўляюцца высокая матэрыялаёмістасць, многастадыйнасць тэхналагічнага працэсу, экалагічная нагрузка. Металургія забяспечвае гаспадарку краіны чыгуном, сталлю, пракатам, каляровымі металамі, іх шматлікімі сплавамі, у сувязі з чым развіццё галіны ў краіне вызначае эканамічны патэнцыял і выступае прыкметай індустрыяльнай стадыі. У склад галіны ўваходзяць чорная і каляровая металургія.