§ 21. ГЕАГРАФІЯ ЭНЕРГЕТЫКІ СВЕТУ

Успамінаем. Якія рэсурсы свету адносяцца да энергетычных? Якія краіны свету маюць буйныя запасы нафты і прыроднага газу? Якія краіны валодаюць буйнымі запасамі каменнага вугалю? Якія віды электрастанцый існуюць?

Для чаго мы гэта вывучаем? Ці магчыма сёння ўявіць жыццё без электрычнай энергіі? Чаму развіццё энергетыкі аказвае вызначальны ўплыў на развіццё ўсіх астатніх відаў гаспадарчай дзейнасці людзей? Ці існуюць праблемы ў грамадстве, звязаныя з развіццём энергетычнага комплексу?

Мал. 145. Дынаміка сусветнай здабычы вугалю, млн т

Геаграфія вугальнай прамысловасці. Вугальная прамысловасць — найстарэйшая галіна энергетыкі, якая гістарычна мае важнае значэнне не толькі ў паліўнай прамысловасці, але і для развіцця металургічнай і хімічнай галін сусветнай гаспадаркі. За апошнія 50 гадоў аб’ёмы сусветнай здабычы ўзраслі ў тры разы і складаюць 7813 млн т (мал. 145).

У рэгіянальнай структуры здабычы вугалю вылучаюцца старыя і новыя цэнтры. Да старых цэнтраў адносяцца Еўропа, Паўночная Амерыка і Аўстралія, да новых, што дынамічна развіваюцца, — Азія.

У геаграфіі здабычы адбыліся кардынальныя зрухі, якія характарызуюцца высокай прасторавай канцэнтрацыяй і пераносам галіны ў Азіяцкі рэгіён. На долю Усходняй, Паўднёва-Усходняй, Паўднёвай Азіі, Аўстраліі і Акіяніі прыходзіцца 69 % сусветнай здабычы, а на долю Кітая — 46 % (3550 млн т). Сярод вядучых краін па здабычы вугалю вылучаюцца таксама Індыя (9 % сусветнай здабычы, 771 млн т) і ЗША (9 % сусветнай здабычы, 685 млн т).