§ 21. ГЕАГРАФІЯ ЭНЕРГЕТЫКІ СВЕТУ

Успамінаем. Якія рэсурсы свету адносяцца да энергетычных? Якія краіны свету маюць буйныя запасы нафты і прыроднага газу? Якія краіны валодаюць буйнымі запасамі каменнага вугалю? Якія віды электрастанцый існуюць?

Для чаго мы гэта вывучаем? Ці магчыма сёння ўявіць жыццё без электрычнай энергіі? Чаму развіццё энергетыкі аказвае вызначальны ўплыў на развіццё ўсіх астатніх відаў гаспадарчай дзейнасці людзей? Ці існуюць праблемы ў грамадстве, звязаныя з развіццём энергетычнага комплексу?

Геаграфія нафтавай прамысловасці. Нафтавая прамысловасць выступае найважнейшай галіной у структуры энергетыкі свету. Значная частка здабываемай нафты выкарыстоўваецца як паліва. Аднак у апошні час вялікая яе частка прымяняецца ў нафтахімічнай і хімічнай прамысловасці.

Мал. 143. Дынаміка сусветнай здабычы нафты, млн т

Нафтавая прамысловасць з’яўляецца галіной, якая дынамічна развіваецца, што звязана з яе высокай прыбытковасцю. Гэты фактар прыводзіць да распрацоўкі новых спосабаў здабычы нафты, росту спажывання і павелічэння тэмпаў здабычы. За апошнія 50 гадоў аб’ёмы здабычы нафты выраслі ў чатыры разы і складаюць 4482 млн т (мал. 143). У геаграфіі здабычы вылучаюцца тры асноўныя рэгіёны — Паўднёва-Заходняя Азія (34 %), Паўночная Амерыка (20) і Еўропа з СНД (20 %). Тры вядучыя краіны свету па здабычы нафты — ЗША, Саудаўская Аравія і Расія — характарызаваліся раней прыкладна аднолькавымі аб’ёмамі здабычы (больш як 0,5 млрд т). Аднак у 2018 г. ЗША выйшлі на першае месца ў свеце. Здабыча склала 666 млн т. Прыкметна ўзмацніліся з канца ХХ ст. пазіцыі Кітая, на долю якога прыходзіцца 5 % сусветнай здабычы.

Сучасныя змены ў геаграфіі нафтавай прамысловасці свету звязаны з асваеннем шэльфавых радовішчаў у Паўночным моры, Мексіканскім, Каліфарнійскім, Гвінейскім залівах, каля астравоў Паўднёва-Усходняй Азіі і інш. У некаторых краінах у шэльфавай зоне сканцэнтравана асноўная частка запасаў (Нарвегія, Вялікабрытанія — 100 %; Бахрэйн — 90; ЗША — 50 %).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначыце геаграфію экспартных патокаў нафты.