§ 20. ПРАМЫСЛОВАСЦЬ СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА
![]() Успамінаем. Якія галіны адносяць да здабыўной і апрацоўчай прамысловасці? Якія галіны спецыялізацыі характэрныя для апрацоўчай прамысловасці развітых краін і краін, якія развіваюцца? Як галіновая структура прамысловасці адлюстроўвае ўзровень развіцця краіны? Чым вызначаецца размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Ці будуць у бліжэйшы час адбывацца значныя змены ў структуры прамысловасці? Ці лічыце вы, што ад узроўню развіцця прамысловасці залежыць узровень развіцця эканомікі краіны ў цэлым? Адказ растлумачце. Якія галіны прамысловасці ўзніклі ў канцы XX – пачатку XXI ст.? |
Сярод галін апрацоўчай прамысловасці можна вылучыць чатыры групы вытворчасцей паводле пераважных фактараў размяшчэння:
1. Галіны, якія імкнуцца да крыніц таннага паліва і электраэнергіі, — алюмініевая, магніевая, нікелевая прамысловасць, вытворчасць хімічных валокнаў, сінтэтычнага каўчуку, смол і пластмас, цеплаэнергетыка.
2. Галіны, якія імкнуцца да крыніц сыравіны, — вытворчасць горнага металургічнага абсталявання, чорная металургія, цэлюлозна-папяровая, цэментная прамысловасць і інш.
3. Галіны, якія мэтазгодна размяшчаць у раёнах канцэнтрацыі працоўных рэсурсаў, — прыборабудаванне, электратэхніка, станкабудаванне, тэкстыльная, швейная, абутковая прамысловасць і інш.
4. Галіны, арыентаваныя на спажывецкі рынак, — нафтаперапрацоўка, аўтамабілебудаванне, сельскагаспадарчае машынабудаванне, мэблевая і хлебапякарная прамысловасць, вытворчасць кандытарскіх вырабаў і інш.