§ 18. СТРУКТУРА І ГЕАГРАФІЧНЫЯ ТЫПЫ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ. ГЕАГРАФІЯ РАСЛІНАВОДСТВА СВЕТУ

Успамінаем. Як прыродныя ўмовы ўплываюць на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі? Якая заканамернасць геаграфічнай абалонкі вызначае развіццё сельскай гаспадаркі? Як прыродныя ўмовы паўплывалі на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі ў краінах Афрыкі? Якія фактары для развіцця сельскай гаспадаркі, акрамя прыродных, маюць развітыя краіны Паўночнай Амерыкі? Якія адметныя асаблівасці мае спецыялізацыя сельскай гаспадаркі краін Еўропы?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якія вы ведаеце прафесіі, звязаныя з працай у аграпрамысловым комплексе? Якія ўстановы адукацыі рыхтуюць спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі?

*Структура сельскагаспадарчых угоддзяў свету і рэгіёнаў. Плошча зямельнага фонду свету ацэньваецца ў 13,2 млрд га. Землі сельскагаспадарчага прызначэння займаюць 4810 млн га, або 37 % сусветнага зямельнага фонду; пакрытыя лесам плошчы — 3,7 млрд га, або 28 %; лугі, пашы, плошчы са шматгадовымі насаджэннямі і іншыя зямлі — 4,6 млрд га, або 35 %.

У складзе сельскагаспадарчых угоддзяў плошчу раллі складае за 1,2 млрд га, або 12 % сельскагаспадарчых угоддзяў. У сярэднім на душу насельніцтва ў свеце прыходзіцца 0,3–0,4 га раллі (мал. 126-1).

Мал.
Мал. 126-1. Размеркаванне зямельнага фонду міру (па даных ФАО)

У структуры сельскагаспадарчых угоддзяў найбольшай доляй раллі характарызуецца Паўднёва-Усходняя Азія, Заходняя і Цэнтральная Еўропа, Цэнтральная Амерыка і Карыбскі рэгіён. У краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары і Паўночнай Афрыцы доля раллі складае менш за 10 % плошчы.

У разліку на душу насельніцтва найбольшыя паказчыкі раллі характэрныя для Аўстраліі і Новай Зеландыі (2,21 га). Далей ідуць Усходняя Еўропа з Расіяй (0,8 га), Паўночная Амерыка (0,62) і Цэнтральная Азія (0,6 га).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Каля 70 % зямель свету, што апрацоўваюцца, знаходзіцца ў Еўропе, Азіі і Паўночнай Амерыцы. У Еўропе (без краін СНД) самы высокі сярод рэгіёнаў узровень узаранасцi зямель. Натуральных пашы і лугоў засталося вельмі мала, і захаваліся яны ў асноўным у Паўночнай Еўропе. У Азіі высокую ўзаранасць маюць добра забяспечаныя вільгаццю мусонныя паўднёвыя і ўсходнія тэрыторыі. Тут сканцэнтравана каля 90 % раллі рэгіёну. Узаранасць на Вялікай Кітайскай раўніне, у басейнах Ганга, Інда і інш. дасягае 70–80 %. Шырокія арыдныя пустынныя, паўпустынныя і высакагорныя раёны Паўднёва-Заходняй і Цэнтральнай Азіі выкарыстоўваюцца пераважна пад пашы. У Паўночнай Амерыцы моцна ўзараны вобласці Цэнтральных і Вялікіх раўнін, субтропікаў і тропікаў ЗША і раўнінныя вобласці поўдня Канады. У складзе зямельных угоддзяў астатніх рэгіёнаў свету — Аўстраліі, Паўднёвай Амерыкі і Афрыкі — пераважаюць пашы. У Аўстраліі 60 % зямель выкарыстоўваецца пад пашы. Вобласці, занятыя раллёй, абмежаваныя ў асноўным усходняй і паўднёва-ўсходняй ускраінай мацерыка. У Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы пры параўнальна высокай долі пашы вельмі нізкая ўзаранасць тэрыторыі. У Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы найбольш узараныя паўночныя і паўднёвыя ўскраіны рэгіёнаў.

Самыя вялікія памеры раллі маюць найбуйнейшыя па плошчы краіны: ЗША (185 млн га), Індыя (160), Расія (134) і Кітай (95), Канада (46), Казахстан (36), Украіна (34 млн га).