§ 18. СТРУКТУРА І ГЕАГРАФІЧНЫЯ ТЫПЫ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ. ГЕАГРАФІЯ РАСЛІНАВОДСТВА СВЕТУ

Успамінаем. Як прыродныя ўмовы ўплываюць на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі? Якая заканамернасць геаграфічнай абалонкі вызначае развіццё сельскай гаспадаркі? Як прыродныя ўмовы паўплывалі на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі ў краінах Афрыкі? Якія фактары для развіцця сельскай гаспадаркі, акрамя прыродных, маюць развітыя краіны Паўночнай Амерыкі? Якія адметныя асаблівасці мае спецыялізацыя сельскай гаспадаркі краін Еўропы?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якія вы ведаеце прафесіі, звязаныя з працай у аграпрамысловым комплексе? Якія ўстановы адукацыі рыхтуюць спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі?

Структура і геаграфічныя тыпы сельскай гаспадаркі. Структура сектара прадстаўлена дзвюма асноўнымі галінамі — раслінаводствам і жывёлагадоўляй. Раслінаводства, у сваю чаргу, уключае земляробства, агародніцтва, гародніцтва, вінаградарства і кветкаводства. У жывёлагадоўлі вылучаюцца развядзенне буйной рагатай жывёлы, свінагадоўля, авечкагадоўля і інш.

У структуры сусветнага зямельнага фонду на землі сельскагаспадарчага прызначэння прыходзіцца 37 %, у тым ліку на раллю — 12 %. Сярод вядучых сусветных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі вылучаюцца Кітай (20 % сусветнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі), Індыя (11) і ЗША (8 %).

У свеце цікавага. Ізраільская сельская гаспадарка — гэта сусветны феномен. У краіне, дзе менш за 20 % зямель прыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі, фермеры забяспечваюць патрэбы насельніцтва ў прадуктах харчавання на 95 %. Пры гэтым Ізраіль не толькі забяспечвае ўласныя харчовыя патрэбы, але і паспяхова экспартуе сваю прадукцыю ў дзясяткі краін. Сакрэт поспеху ізраільскага аграсектара — тэхналогіі. Інавацыйныя падыходы Ізраіля да вядзення сельскай гаспадаркі зніжаюць кліматычныя рызыкі і садзейнічаюць рацыянальнаму выкарыстанню найкаштоўнейшых для пустыннага клімату водных рэсурсаў (мал. 127)

Разнастайнасць прыродна-кліматычных умоў свету, адрозненні ў сістэме землеўладання, землекарыстання і аграрных рэформах абумовілі вылучэнне, з аднаго боку, зон сельскагаспадарчай спецыялізацыі, з другога боку, падобных галіновых напрамкаў у краінах і рэгіёнах. Гэтыя ўмовы вызначаюць геаграфічны тып сельскай гаспадаркі.

Геаграфічны тып сельскай гаспадаркі — устойлівае спалучэнне прыродна-абумоўленых і гістарычна складзеных вытворчых прыкмет сельскай гаспадаркі на канкрэтнай тэрыторыі, якія ўключаюць: 1) аграрныя адносіны, 2) спецыялізацыю, 3) інтэнсіўнасць вытворчасці, 4) узровень матэрыяльна-тэхнічнай аснашчанасці, 5) сістэмы земляробства і жывёлагадоўлі.

На аснове паказаных вышэй асаблівасцей сельскай гаспадаркі ў сусветнай гаспадарцы вылучаюць тры асноўныя катэгорыі і 11 геаграфічных тыпаў сельскай гаспадаркі (гл. дадатак 3).

Свет і Беларусь. Якая першая ў Расійскай імперыі вышэйшая сельскагаспадарчая навучальная ўстанова была адкрыта на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў XIX ст.? Якія збожжавыя культуры вырошчваюць у Рэспубліцы Беларусь? Якія геаграфічныя тыпы сельскай гаспадаркі характэрныя для Рэспублікі Беларусь?