§ 18. СТРУКТУРА І ГЕАГРАФІЧНЫЯ ТЫПЫ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ. ГЕАГРАФІЯ РАСЛІНАВОДСТВА СВЕТУ

Успамінаем. Як прыродныя ўмовы ўплываюць на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі? Якая заканамернасць геаграфічнай абалонкі вызначае развіццё сельскай гаспадаркі? Як прыродныя ўмовы паўплывалі на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі ў краінах Афрыкі? Якія фактары для развіцця сельскай гаспадаркі, акрамя прыродных, маюць развітыя краіны Паўночнай Амерыкі? Якія адметныя асаблівасці мае спецыялізацыя сельскай гаспадаркі краін Еўропы?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якія вы ведаеце прафесіі, звязаныя з працай у аграпрамысловым комплексе? Якія ўстановы адукацыі рыхтуюць спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі?

Фактары размяшчэння і развіцця сельскай гаспадаркі свету. На размяшчэнне і развіццё сельскай гаспадаркі ўплываюць пэўныя фактары. Прыродны фактар выступае асновай для геаграфічных адрозненняў у сельскай гаспадарцы. У залежнасці ад агракліматычных умоў тэрыторыі (працягласці вегетатыўнага перыяду, колькасці ападкаў, умоў атмасфернага ўвільгатнення, працягласці безмарознага перыяду, урадлівасці глеб і інш.) вылучаюцца зоны сельскагаспадарчай спецыялізацыі свету.

Важную ролю адыгрывае сацыяльна-эканамічны фактар. Ён характарызуецца традыцыямі вядзення сельскай гаспадаркі; узроўнем механізацыі, хімізацыі і электрыфікацыі; аб’ёмам капіталаўкладанняў у галіну, у тым ліку ўкараненняў новых тэхналогій; узроўнем прадукцыйнасці працы і прыбытковасці галіны.

У апошні час на развіццё сельскай гаспадаркі краін свету аказваюць уплыў міжнародны гандаль і адзіная аграрная палітыка, якія дзейнічаюць у некаторых інтэграцыйных аб’яднаннях. У цэлым пры нізкім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця прыродныя фактары працягваюць адыгрываць вызначальную ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі. Па меры яго росту ў краіне залежнасць ад прыродных фактараў слабее.