§ 18. СТРУКТУРА І ГЕАГРАФІЧНЫЯ ТЫПЫ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ. ГЕАГРАФІЯ РАСЛІНАВОДСТВА СВЕТУ
![]() Успамінаем. Як прыродныя ўмовы ўплываюць на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі? Якая заканамернасць геаграфічнай абалонкі вызначае развіццё сельскай гаспадаркі? Як прыродныя ўмовы паўплывалі на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі ў краінах Афрыкі? Якія фактары для развіцця сельскай гаспадаркі, акрамя прыродных, маюць развітыя краіны Паўночнай Амерыкі? Якія адметныя асаблівасці мае спецыялізацыя сельскай гаспадаркі краін Еўропы? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Якія вы ведаеце прафесіі, звязаныя з працай у аграпрамысловым комплексе? Якія ўстановы адукацыі рыхтуюць спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі? |
Фактары размяшчэння і развіцця сельскай гаспадаркі свету. На размяшчэнне і развіццё сельскай гаспадаркі ўплываюць пэўныя фактары. Прыродны фактар выступае асновай для геаграфічных адрозненняў у сельскай гаспадарцы. У залежнасці ад агракліматычных умоў тэрыторыі (працягласці вегетатыўнага перыяду, колькасці ападкаў, умоў атмасфернага ўвільгатнення, працягласці безмарознага перыяду, урадлівасці глеб і інш.) вылучаюцца зоны сельскагаспадарчай спецыялізацыі свету.
Важную ролю адыгрывае сацыяльна-эканамічны фактар. Ён характарызуецца традыцыямі вядзення сельскай гаспадаркі; узроўнем механізацыі, хімізацыі і электрыфікацыі; аб’ёмам капіталаўкладанняў у галіну, у тым ліку ўкараненняў новых тэхналогій; узроўнем прадукцыйнасці працы і прыбытковасці галіны.
У апошні час на развіццё сельскай гаспадаркі краін свету аказваюць уплыў міжнародны гандаль і адзіная аграрная палітыка, якія дзейнічаюць у некаторых інтэграцыйных аб’яднаннях. У цэлым пры нізкім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця прыродныя фактары працягваюць адыгрываць вызначальную ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі. Па меры яго росту ў краіне залежнасць ад прыродных фактараў слабее.