§ 18. СТРУКТУРА І ГЕАГРАФІЧНЫЯ ТЫПЫ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ. ГЕАГРАФІЯ РАСЛІНАВОДСТВА СВЕТУ

Успамінаем. Як прыродныя ўмовы ўплываюць на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі? Якая заканамернасць геаграфічнай абалонкі вызначае развіццё сельскай гаспадаркі? Як прыродныя ўмовы паўплывалі на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі ў краінах Афрыкі? Якія фактары для развіцця сельскай гаспадаркі, акрамя прыродных, маюць развітыя краіны Паўночнай Амерыкі? Якія адметныя асаблівасці мае спецыялізацыя сельскай гаспадаркі краін Еўропы?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якія вы ведаеце прафесіі, звязаныя з працай у аграпрамысловым комплексе? Якія ўстановы адукацыі рыхтуюць спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі?

Сельская гаспадарка ў структуры сусветнай гаспадаркі. Сельская гаспадарка ўтварае першасны сектар сусветнай гаспадаркі і адносіцца да найстарэйшага віду чалавечай дзейнасці. На даіндустрыяльнай стадыі развіцця чалавецтва яна адыгрывала вызначальную ролю ў структуры сусветнай гаспадаркі.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Экспедыцыі Усесаюзнага інстытута раслінаводства ў 1919–1939 гг. у Афрыку, Азію, Лацінскую Амерыку, узначаленыя акадэмікам М. І. Вавілавым, даказалі, што радзімай большасці культурных раслін з’яўляюцца менавіта гэтыя рэгіёны (мал. 125). Растлумачце прычыны геаграфіі паходжання раслін.

Па меры развіцця індустрыялізацыі і постындустрыялізацыі доля сельскай гаспадаркі стала змяншацца. У структуры сусветнага валавога прадукту яна складае 6,4 %, у развітых краінах — 1 %, у краінах, якія развіваюцца, — 26 %. У сельскай гаспадарцы занята 3453 млн чалавек. У структуры занятасці насельніцтва доля сельскай гаспадаркі большая — 26,5 %. Гэта тлумачыцца значнай колькасцю ў свеце дзяржаў, якія развіваюцца. Паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, існуюць вялікія адрозненні ў занятасці насельніцтва ў сельскай гаспадарцы. У развітых краінах доля занятых знізілася да 3 %, у краінах, якія развіваюцца, складае каля 65 % (мал. 126).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Сельская гаспадарка свету характарызуецца трыма функцыямі, якія захоўваюць яе значэнне ў сусветнай гаспадарцы: 1) паўсюднае геаграфічнае распаўсюджванне; 2) вытворчасць і забеспячэнне харчаваннем і сельскагаспадарчай сыравінай; 3) забеспячэнне занятасці насельніцтва ў вялікай колькасці дзяржаў.