*§ 17-3. ЭКАЛАГІЗАЦЫЯ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Успамінаем. Да якіх наступстваў прыводзіць празмернае выкарыстанне прыродных рэсурсаў? Якія прыродныя рэсурсы адносяцца да вычарпальных? Якія прыродныя рэсурсы з'яўляюцца аднаўляльнымі?

Для чаго мы гэта вывучаем? Як вы разумееце, што такое энергазберагальныя тэхналогіі? Якія віды энергазберагальных тавараў штодзённага спажывання мы сёння актыўна выкарыстоўваем? Якія экалагічныя праблемы вырашаюць энергазберагальныя тэхналогіі?

Уплыў экалагізацыі на галіновую структуру сусветнай гаспадаркі. Разуменне сусветнай супольнасцю неабходнасці рэалізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця і экалагізацыі эканомікі прыводзіць да змен у галіновай структуры сусветнай гаспадаркі.

Напрыклад, у электраэнергетыцы свету ў развітых краінах атрымлівае ўсё большае развіццё выкарыстанне альтэрнатыўных — аднаўляльных — крыніц энергіі: ветру, сонца, прыліваў, біямасы і інш. У галінах апрацоўчай прамысловасці атрымліваюць развіццё новыя эколагаарыентаваныя віды эканамічнай дзейнасці — вытворчасць электрамабіляў, энергазберагальных электрычных лямпачак, экалагічна чыстых прадуктаў харчавання, экалагічна чыстай мэблі і інш.

Пачынаюць актыўна развівацца экалагічна чыстыя віды транспарту ў гарадах — веласіпедны і пешаходны рух. Карэнным чынам мяняюцца адносіны да абыходжання з адходамі — адбываецца іх масавая ўтылізацыя на прынцыпах рэсайклінга (другаснага выкарыстання), вядзецца раздзельны збор смецця. У сельскай гаспадарцы атрымлівае развіццё арганічнае земляробства, нацэленае на мінімізацыю выкарыстання сінтэтычных угнаенняў, пестыцыдаў і інш.