§ 14. СУСВЕТНАЯ ГАСПАДАРКА, ФАРМІРАВАННЕ І РАЗВІЦЦЁ
![]()
Успамінаем. Якія фактары і падзеі спрыялі фарміраванню сучаснай сусветнай гаспадаркі? Якія паказчыкі адлюстроўваюць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краін? Чым адрозніваюцца эканомікі развітых краін і краін свету, якія развіваюцца? Якія галіны ў структуры сусветнай гаспадаркі адрозніваюцца найбольшай дынамічнасцю ў сваім развіцці?
![]()
Для чаго мы гэта вывучаем? Як вызначыць узровень удзелу краіны ў сусветнай гаспадарцы? У чым выяўляецца глабалізацыя сусветнай гаспадаркі? Падумайце, галіной дзейнасці якіх спецыялістаў з’яўляецца вывучэнне развіцця сусветнай гаспадаркі. Праблемы развіцця сусветнай гаспадаркі — гэта праблемы спецыялістаў толькі эканамічных прафесій або якіх-небудзь іншых?
На карце свету вылучаюць тры зоны глабальных гарадоў: заходнееўрапейскую, паўночнаамерыканскую і азіяцка-ціхаакіянскую. Заходнееўрапейская зона мае самую працяглую гісторыю, у выніку якой узнікла густая сетка глабальных гарадоў ад Дубліна праз Лондан, Парыж, гарады даліны Рэйна да Мілана і Рыма. Паўночнаамерыканская зона значна маладзейшая, але з'яўляецца самай інтэграванай у сусветную гаспадарку. Ключавыя пазіцыі займаюць Нью-Ёрк, Лос-Анджэлес і Чыкага. Азіяцка-ціхаакіянская зона — самая маладая па часе ўзнікнення і фарміруецца па восі Токіа—Сінгапур.