§ 14. СУСВЕТНАЯ ГАСПАДАРКА, ФАРМІРАВАННЕ І РАЗВІЦЦЁ

Успамінаем. Якія фактары і падзеі спрыялі фарміраванню сучаснай сусветнай гаспадаркі? Якія паказчыкі адлюстроўваюць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краін? Чым адрозніваюцца эканомікі развітых краін і краін свету, якія развіваюцца? Якія галіны ў структуры сусветнай гаспадаркі адрозніваюцца найбольшай дынамічнасцю ў сваім развіцці?

Для чаго мы гэта вывучаем? Як вызначыць узровень удзелу краіны ў сусветнай гаспадарцы? У чым выяўляецца глабалізацыя сусветнай гаспадаркі? Падумайце, галіной дзейнасці якіх спецыялістаў з’яўляецца вывучэнне развіцця сусветнай гаспадаркі. Праблемы развіцця сусветнай гаспадаркі — гэта праблемы спецыялістаў толькі эканамічных прафесій або якіх-небудзь іншых?

Стадыі развіцця сусветнай гаспадаркі. У развіцці сусветнай гаспадаркі вылучаюць тры стадыі: даіндустрыяльную (аграрную), індустрыяльную і постындустрыяльную. Даіндустрыяльная стадыя характарызуецца перавагай ручной працы, вельмі нізкімі тэмпамі развіцця вытворчасці, якая можа задавальняць патрэбы людзей толькі на мінімальным узроўні. Большая частка насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Індустрыяльная стадыя характарызуецца масавай вытворчасцю, механізацыяй і аўтаматызацыяй працы, развіццём рынку тавараў і паслуг. У індустрыяльнай структуры пераважае прамысловасць. Постындустрыяльная стадыя характарызуецца шэрагам адметных прыкмет (мал. 102).

Доля сферы паслуг у структуры валавога сусветнага прадукту дасягае 70 %. Па меры развіцця сусветнай гаспадаркі адбываецца памяншэнне колькасці краін, якія знаходзяцца на аграрнай стадыі, павелічэнне — якія ажыццявілі пераход да постындустрыяльнай стадыі, і дамінаванне — якія былі на індустрыяльнай стадыі.