§ 11. БЕЖАНСТВА Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ
![]() Успамінаем. Па якіх прычынах людзі могуць пакідаць сваю краіну? Якая прычына з’яўляецца асноўнай у сучаснай міжнароднай міграцыі? Якія падзеі прымушаюць людзей пакідаць сваё месцажыхарства? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Як вы думаеце, якая розніца існуе паміж паняццямі «бежанец» і «мігрант»? Якія праблемы цягне за сабой бежанства? |
Еўрапейскі міграцыйны крызіс. Часткай глабальнага бежанства з’яўляецца Еўрапейскі міграцыйны крызіс. У 2015 г. шматразовае павелічэнне патоку бежанцаў і нелегальных мігрантаў у Еўрапейскі саюз з краін Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Паўднёвай Азіі і адсутнасць адзінай палітыкі ЕС па іх прыёме і размеркаванні прывялі да міграцыйнага крызісу. Ён стаў найбуйнейшым з часоў Другой сусветнай вайны.
Міграцыйны крызіс абумоўлены пяццю асноўнымі прычынамі (мал. 78).
У 2016 г. у ЕС прыбыло 5,2 млн мігрантаў пераважна з Сірыі, Ірака і Афганістана. Каля 5,1 тыс. бежанцаў і мігрантаў загінулі або прапалі без вестак у Міжземнамор’і. У 2017 г. Міжземнае мора перасеклі каля 103 тыс. чалавек, пры гэтым каля 2,3 тыс. чалавек загінулі або прапалі без вестак.
Галоўнымі краінамі выхаду мігрантаў з’яўляюцца Сірыя, Афганістан, Ірак, Албанія, асноўнымі краінамі прыбыцця — Італія, Грэцыя, Кіпр і Іспанія. У той жа час краінамі, якія легалізавалі найбольшую колькасць мігрантаў, выступілі Германія, Швецыя, Італія, Швейцарыя і Францыя.