§ 10. МІЖНАРОДНАЯ МІГРАЦЫЯ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Успамінаем. Праблемы якога характару спрыяюць міжнароднай міграцыі? Успомніце падзеі, што выклікалі найбольш маштабныя перамяшчэнні людзей у гісторыі чалавецтва. Якія праблемы яны пацягнулі за сабой?

Для чаго мы гэта вывучаем? Што неабходна прадпрымаць дзяржаве, каб не дапусціць значных маштабаў эміграцыі? Якія праблемы цягне за сабой міжнародная міграцыя?

Сучасныя віды міжнароднай міграцыі і іх геаграфія. Асноўнай формай міжнароднай міграцыі ў сучасным свеце з’яўляецца працоўная міграцыя. Яе фактарамі выступаюць: адрозненні ва ўзроўні жыцця насельніцтва; прыцягненне таннай працоўнай сілы з краін, якія развіваюцца; узросшая залежнасць шэрага галін гаспадаркі і відаў эканамічнай дзейнасці развітых краін ад працы замежных рабочых з дзяржаў, якія развіваюцца. Колькасць працоўных мігрантаў складае 150,3 млн чалавек, або каля 60 % міжнародных мігрантаў. Больш за 70 % з іх працуюць у сферы паслуг, каля 20 % — у прамысловасці. Кожны дзясяты заняты ў сельскай гаспадарцы (мал. 71). 56 % у структуры складаюць мужчыны і 44 % — жанчыны.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Павелічэнне маштабаў працоўнай міграцыі прыводзіць да росту колькасці замежнай працоўнай сілы ў структуры працоўных рэсурсаў развітых краін. Па даных Міжнароднай арганізацыі міграцыі, у Аўстраліі доля замежных рабочых складае 24,5 %, Канадзе — 19,1, Швейцарыі — 18,4, ЗША — 12,4, Аўстрыі, Бельгіі, ФРГ — каля 10 %.

Сучасныя грамадзянскія войны і змена палітычных рэжымаў прыводзяць да міграцыі насельніцтва па палітычных прычынах. Палітычная міграцыя набывае ў свеце ўстойлівыя маштабы. У выніку палітычных канфліктаў і перамяшчэння насельніцтва, якое зведвае прыгнёт рознага характару (рэлігійнага, расавага, ідэалагічнага), гэты від міграцыі фарміруе з’яву бежанства. Сёння колькасць бежанцаў нашмат меншая за колькасць эканамічных мігрантаў, але застаецца значнай.

Адной з новых форм выступае міграцыя высокакваліфікаваных кадраў («brain drain»), або інтэлектуальная міграцыя. Рэгіёнам з найбольшай эміграцыяй насельніцтва з вышэйшай адукацыяй з’яўляецца Лацінская Амерыка. Больш за 80 % насельніцтва з вышэйшай адукацыяй Гаіці, Сурынама, Ямайкі пакідаюць свае краіны.

У шэрагу дзяржаў Афрыкі (Эфіопія, Нігерыя, Кенія, ПАР) больш за 60 % высокакваліфікаваных асоб эмігрыруюць. Для гэтых дзяржаў выезд спецыялістаў з’яўляецца сур’ёзнай праблемай будучага развіцця.

У свеце цікавага. Дзяржавамі, якія вядуць найбольш актыўную палітыку па прыцягненні высокакваліфікаваных мігрантаў, з’яўляюцца ЗША, Вялікабрытанія, Канада і Аўстралія. Найбольшай доляй замежных навукоўцаў і даследчыкаў у свеце вылучаюцца Швейцарыя (57 %), Аўстралія (45 %) і ЗША (38 %).

Рост колькасці моладзі ў краінах, якія развіваюцца, прывёў да фарміравання міжнароднай студэнцкай міграцыі. Сёння колькасць студэнтаў, якія вучацца за мяжой, складае 4,8 млн чалавек. Большасць замежных студэнтаў прадстаўлена афрыканскай, арабскай і кітайскай моладдзю. Самымі мабільнымі з’яўляюцца студэнты краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Кожны 16-ты афрыканскі студэнт навучаецца за мяжой. У шасці краінах налічваецца 67 % замежных студэнтаў свету. Гэта ЗША (23 %), Вялікабрытанія (12), Германія (11), Францыя (10), Аўстралія (7) і Японія (5 %).

Глабальныя змены клімату, прыродныя бедствы прывялі да з’яўлення кліматычнай міграцыі. З-за засух і недахопу вады, павышэння ўзроўню мора, стыхійных бедстваў і экстрэмальных тэмператур 143 млн чалавек у свеце з’яўляюцца кліматычнымі мігрантамі. Найбольшая частка іх прыходзіцца на тры рэгіёны — Афрыку на поўдзень ад Сахары, Паўднёвую Азію і Лацінскую Амерыку.

У свеце цікавага. З-за стыхійных бедстваў у 2017 г. 18,8 млн чалавек былі вымушаны мігрыраваць. Паўднёвая і Усходняя Азія, Карыбскі басейн і Ціхаакіянскі рэгіён з’яўляюцца найбольш слабымі рэгіёнамі. У Кітаі, на Філіпінах і Кубе ў 2017 г. адбылася найбольшая колькасць выпадкаў стыхійных бедстваў. Малыя астраўныя дзяржавы, якія развіваюцца, таксама адчуваюць негатыўнае ўздзеянне стыхійных бедстваў.

Нягледзячы на тое, што кліматычная міграцыя адбываецца ў асноўным у межах краіны, значная частка насельніцтва вымушана перасяляцца за мяжу.

Падвядзём вынікі. Міжнародная міграцыя — гэта працэс, які гістарычна склаўся. Асноўнымі прычынамі міжнароднай міграцыі з’яўляюцца ... . Колькасць міжнародных мігрантаў у свеце пастаянна ... . Для развітых краін характэрна ... сальда міграцыі, для краін, якія развіваюцца, — ... . Вылучаюць наступныя віды міжнароднай міграцыі: ..., ..., …, ..., ... .

Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя прычыны міжнароднай міграцыі. 2. Назавіце асноўныя калідоры міжнародных міграцый і растлумачце іх геаграфію. 3. Назавіце і пакажыце на карце краіны студэнцкай іміграцыі. 4. Назавіце і пакажыце на карце краіны з самай вялікай доляй замежных рабочых.

Ад простага да складанага. 1. Растлумачце, чаму прыкладам умелай узаемасувязі міграцыі працоўнай сілы з узроўнем эканамічнага развіцця з’яўляецца Японія. 2. Падумайце, якія краіны з пункту гледжання міжнароднай міграцыі называюцца краінамі-донарамі, а якія — краінамі-рэцыпіентамі.

Ад тэорыі да практыкі. Запоўніце табліцу ў сшытку.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Міжнародная база даных працоўнай міграцыі.
Агульныя вынікі міграцыі насельніцтва Рэспублікі Беларусь.