§ 10. МІЖНАРОДНАЯ МІГРАЦЫЯ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Успамінаем. Праблемы якога характару спрыяюць міжнароднай міграцыі? Успомніце падзеі, што выклікалі найбольш маштабныя перамяшчэнні людзей у гісторыі чалавецтва. Якія праблемы яны пацягнулі за сабой?

Для чаго мы гэта вывучаем? Што неабходна прадпрымаць дзяржаве, каб не дапусціць значных маштабаў эміграцыі? Якія праблемы цягне за сабой міжнародная міграцыя?

Калідоры міжнароднай міграцыі. Значныя маштабы міжнароднай міграцыі разам з гістарычнымі перадумовамі прывялі да фарміравання ў свеце ўстойлівых і вялікіх па колькасці патокаў мігрантаў паміж асобнымі краінамі. Гэта з’ява атрымала назву «міграцыйны калідор». Усяго іх налічваецца 15. Самым буйным з’яўляецца калідор паміж Мексікай і ЗША, дзе колькасць міжнародных мігрантаў складае каля 13 млн чалавек (мал. 69).

Папрацуем з атласам. Пакажыце на палітычнай карце свету асноўныя калідоры міжнародных міграцый: МексікаЗША; ІндыяААЭ; РасіяУкраіна. Чым вы можаце растлумачыць іх фарміраванне?

Прычына міграцыі ў межах калідораў, як правіла, эканамічная — магчымасць знайсці работу насельніцтву з краін, якія развіваюцца. Аднак у апошнія гады прычынай часта становяцца палітычныя падзеі ў краіне, напрыклад у Сірыі (мал. 70).