§ 10. МІЖНАРОДНАЯ МІГРАЦЫЯ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Успамінаем. Праблемы якога характару спрыяюць міжнароднай міграцыі? Успомніце падзеі, што выклікалі найбольш маштабныя перамяшчэнні людзей у гісторыі чалавецтва. Якія праблемы яны пацягнулі за сабой?

Для чаго мы гэта вывучаем? Што неабходна прадпрымаць дзяржаве, каб не дапусціць значных маштабаў эміграцыі? Якія праблемы цягне за сабой міжнародная міграцыя?

Дынаміка маштабаў міжнароднай міграцыі ў свеце і рэгіёнах. З сярэдзіны ХХ ст. пачынаецца сучасная эпоха міграцыі насельніцтва свету. Гістарычным яе пачаткам было заканчэнне Другой сусветнай вайны, а галоўнай асаблівасцю — значны рост маштабаў міжнароднай міграцыі. На палітычнай карце свету не засталося дзяржаў, якія не былі б уцягнуты ў міжнародную міграцыю. У параўнанні з 1965 г. колькасць міжнародных мігрантаў у свеце ўзрасла ў 3,5 раза і склала 258 млн чалавек, або 3,4 % насельніцтва свету. Міжнародная міграцыя набыла глабальны характар.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія падзеі ў свеце спрыяюць актывізацыі міжнароднай міграцыі? Чаму яна стала глабальным працэсам?

Мал. 63. Помнік Вялікаму
голаду ў Ірландыі

У свеце цікавага. У гісторыі чалавецтва класічнай краінай эміграцыі ў XIX ст. была Ірландыя. За некалькі дзесяцігоддзяў пасля Вялікага голаду ў 1840-х гг. (мал. 63) насельніцтва гэтай краіны зменшылася ў два разы. Па долі эмігрантаў у насельніцтве яна заняла першае месца ў свеце. Цяпер у Ірландыі пражывае толькі палова ірландцаў. У ЗША — больш за 40 млн асоб ірландскага паходжання — у 12 разоў больш жыхароў самой Ірландыі. У сярэдзіне XIX ст. у Новы Свет з Ірландыі прыбылі 5000 караблёў з эмігрантамі. Усяго на амерыканскі бераг ступіла крыху больш за мільён чалавек.

Звыш 60 % міжнародных мігрантаў пражывае ў Азіі (80 млн чал.) і ў Еўропе (78 млн чал.). Паўночная Амерыка з’яўляецца трэцім рэгіёнам па ліку міжнародных мігрантаў (58 млн чал.). Па колькасці міжнародных мігрантаў на 1000 жыхароў найбольшымі значэннямі вылучаюцца Аўстралія з Акіяніяй і Паўночная Амерыка (4,8 і 3,2 ‰ адпаведна). Тры рэгіёны (Афрыка, Паўднёвая Амерыка і Азія) характарызуюцца міграцыйным адтокам (мал. 64).

У 2017 г. найбольшая колькасць міжнародных мігрантаў пражывала ў ЗША (50 млн чал.), Саудаўскай Аравіі, Германіі і Расіі (каля 12 млн чал.). Найбуйнейшымі краінамі паходжання міжнародных мігрантаў з’яўляюцца Індыя, Мексіка і Расія (мал. 65). Да іншых краін з вялікай колькасцю мігрантаў адносяцца Кітай, Бангладэш, Сірыя, Пакістан і Украіна.

У структуры міжнародных мігрантаў пераважаюць мужчыны — 52 %. Доля жанчын складае 48 % і пастаянна павялічваецца. Сярэдні ўзрост сучаснага мігранта павялічваецца і складае 39 гадоў. 74 % мігрантаў знаходзяцца ў працаздольным узросце (20–64 гады) (мал. 66).