§ 4. ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ

Успамінаем. Якую інфармацыю вы можаце атрымаць з палітычнай карты свету? Якія асноўныя рысы незалежных дзяржаў? Якія формы кіравання і дзяржаўнага ладу вы можаце назваць для сучасных краін свету?

Для чаго мы гэта вывучаем? Веды якіх вучэбных прадметаў вам сёння будуць неабходныя пры вывучэнні гэтай тэмы? Сферай дзейнасці якіх спецыялістаў з’яўляецца палітычная геаграфія?

Памежныя спрэчкі. Адным з найбольш актуальных пытанняў палітычнай геаграфіі з’яўляецца вывучэнне тэрытарыяльных прэтэнзій, памежных спрэчак паміж дзяржавамі. Сярод іх вылучаюцца чатыры асноўныя віды (мал. 28). Найбольш часта ў свеце адбываюцца тэрытарыяльныя спрэчкі з-за кантролю над пэўнай прыцягальнай тэрыторыяй па нейкай прыкмеце.

Напрыклад, па тапаграфічнай прыкмеце да тэрытарыяльнай спрэчкі адносяць тэрыторыі Літвы і Калінінградскай вобласці Расіі. Гісторыка-культурнай тэрытарыяльнай спрэчкай з’яўляюцца прэтэнзіі Ірландыі на Паўночную Ірландыю.

Рэсурсныя памежныя спрэчкі складаюць значную частку канфліктаў пры засваенні прыродных рэсурсаў на кантынентальным шэльфе (нафта, газ), пры сумесным выкарыстанні водных рэсурсаў у засушлівых раёнах (напр., Малі і Буркіна-Фасо, Турцыя і Сірыя). Для таго каб пазбегнуць такіх спрэчак, прымаюцца рашэнні аб сумесным выкарыстанні рэсурсаў (напр., гідраэнергапатэнцыялу р. Парана паміж Бразіліяй і Парагваем) або вылучаюцца сектары з выразнымі межамі дзяржаў (напр., раздзел нафтагазавых рэсурсаў Паўночнага мора паміж прыбярэжнымі дзяржавамі).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Адрозніваюць пазіцыйныя і функцыянальныя памежныя спрэчкі. Пазіцыйныя памежныя спрэчкі ўзнікаюць у выпадку супярэчнасцей у тлумачэннi дамоваў аб правядзенні меж па прыродных рубяжах — рэках (усходні ўчастак расійска-кітайскай мяжы на Амуры), азёрах (возера Чад паміж Нігерам і Чадам). Функцыянальныя памежныя спрэчкі сустракаюцца радзей і ўзнікаюць з прычыны прэтэнзій аднаго з бакоў да рэжыму функцыянавання мяжы, строгасцей памежнага кантролю і мытнай палітыкі, якая ўсталявана суседняй дзяржавай. У дадзенай сітуацыі спрэчка вядзецца не пра змену мяжы, а пра памежную палітыку суседняй дзяржавы.

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыялы вучэбнага дапаможніка і палітычную карту свету, знайдзіце дзяржавы, дзе існуюць памежныя канфлікты і тэрытарыяльныя спрэчкі.