§ 4. ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ

Успамінаем. Якую інфармацыю вы можаце атрымаць з палітычнай карты свету? Якія асноўныя рысы незалежных дзяржаў? Якія формы кіравання і дзяржаўнага ладу вы можаце назваць для сучасных краін свету?

Для чаго мы гэта вывучаем? Веды якіх вучэбных прадметаў вам сёння будуць неабходныя пры вывучэнні гэтай тэмы? Сферай дзейнасці якіх спецыялістаў з’яўляецца палітычная геаграфія?

Палітыка-геаграфічнае становішча краіны. Вывучэнне геаграфічнага становішча мае важнае значэнне і шырока прымяняецца ў геаграфіі. Вылучаюць фізіка-геаграфічнае становішча, эканоміка-геаграфічнае становішча, транспартна-геаграфічнае становішча. У палітычнай геаграфіі на першым месцы знаходзіцца палітыка-геаграфічнае становішча (ПГС).

Эканоміка-геаграфічнае становішча і палітыка-геаграфічнае становішча маюць шмат агульнага. Гэта тлумачыцца тым, што геаграфічнае становішча краіны ў адносінах да транспартных шляхоў, патокаў сыравіны, тавараў і паслуг, інтэграцыйных аб’яднанняў і г. д. будзе аказваць уплыў не толькі на эканамічную, але і на палітычную сітуацыю ў краіне і наадварот.

Палітыка-геаграфічнае становішча — гэта становішча аб’екта (краіны, яе часткі, групы краін) у адносінах да іншых дзяржаў і іх груп як палітычных аб’ектаў.

ПГС дзяржавы ў шырокім сэнсе — гэта комплекс палітычных умоў, звязаных з геаграфічным становішчам краіны (рэгіёна), які выяўляецца ў сістэме палітычных узаемаадносін з навакольным светам.

У цэлым пра ПГС можна казаць як пра комплекс адносін дадзенай дзяржавы з іншымі краінамі і тэрыторыямі на трох узроўнях — лакальным, макрарэгіянальным і глабальным, дапоўненых эканамічнымі, гістарычнымі, этнічнымі, канфесійнымі, культурнымі сувязямі.

Свет і Беларусь. Якая форма кіравання і дзяржаўнага ладу характэрная для Рэспублікі Беларусь? Назавіце асноўныя рысы палітыка-геаграфічнага становішча Рэспублікі Беларусь. Як змянілася геапалітычнае становішча Рэспублікі Беларусь пасля распаду СССР?