§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ
![]() Успамінаем. Што такое палітычная карта свету? У чым заключаецца дынамічнасць палітычнай карты свету? Якія этапы фарміравання прайшла сучасная палітычная карта свету? Якія дзяржавы маюць самую вялікую плошчу? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Чаму сучаснаму вучню неабходна ведаць асаблівасці фарміравання палітычнай карты свету? Выкажыце здагадку, для якіх спецыяльнасцей у будучыні гэта тэма стане найбольш актуальнай. У якіх установах адукацыі і на якіх спецыяльнасцях магчыма атрымаць адукацыю, звязаную з глыбокімі ведамі працэсаў, што адбываюцца на палітычнай карце свету? |
Калі глыбей зацікавіцца палітычнай картай свету і паразважаць, чаму тыя або іншыя дзяржавы адрозніваюцца розным палітычным уплывам у свеце, то іх можна падзяліць на транскантынентальныя (напр., Расія), субкантынентальныя (напр., Кітай, Бразілія, Індыя), макрарэгіянальныя (напр., Іран, Мексіка, Алжыр, Судан, Сірыя), мезарэгіянальныя (напр., Францыя, Егіпет, ПАР, Венесуэла). Асаблівую групу ўтвараюць краіны-экстрэмумы, так званыя мінідзяржавы (напр., Ліхтэнштэйн, Манака, Сан-Марына, Ватыкан), міжнародны прэстыж і суверэнітэт якіх павінны паважаць усе дзяржавы.