§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

Успамінаем.  Што такое палітычная карта свету? У чым заключаецца дынамічнасць палітычнай карты свету? Якія этапы фарміравання прайшла сучасная палітычная карта свету? Якія дзяржавы маюць самую вялікую плошчу?

Для чаго мы гэта вывучаем?  Чаму сучаснаму вучню неабходна ведаць асаблівасці фарміравання палітычнай карты свету? Выкажыце здагадку, для якіх спецыяльнасцей у будучыні гэта тэма стане найбольш актуальнай. У якіх установах адукацыі і на якіх спецыяльнасцях магчыма атрымаць адукацыю, звязаную з глыбокімі ведамі працэсаў, што адбываюцца на палітычнай карце свету?

Калі глыбей зацікавіцца палітычнай картай свету і паразважаць, чаму тыя або іншыя дзяржавы адрозніваюцца розным палітычным уплывам у свеце, то іх можна падзяліць на транскантынентальныя (напр., Расія), субкантынентальныя (напр., Кітай, Бразілія, Індыя), макрарэгіянальныя (напр., Іран, Мексіка, Алжыр, Судан, Сірыя), мезарэгіянальныя (напр., Францыя, Егіпет, ПАР, Венесуэла). Асаблівую групу ўтвараюць краіны-экстрэмумы, так званыя мінідзяржавы (напр., Ліхтэнштэйн, Манака, Сан-Марына, Ватыкан), міжнародны прэстыж і суверэнітэт якіх павінны паважаць усе дзяржавы.