§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

Успамінаем.  Што такое палітычная карта свету? У чым заключаецца дынамічнасць палітычнай карты свету? Якія этапы фарміравання прайшла сучасная палітычная карта свету? Якія дзяржавы маюць самую вялікую плошчу?

Для чаго мы гэта вывучаем?  Чаму сучаснаму вучню неабходна ведаць асаблівасці фарміравання палітычнай карты свету? Выкажыце здагадку, для якіх спецыяльнасцей у будучыні гэта тэма стане найбольш актуальнай. У якіх установах адукацыі і на якіх спецыяльнасцях магчыма атрымаць адукацыю, звязаную з глыбокімі ведамі працэсаў, што адбываюцца на палітычнай карце свету?

Адным з важных аб'ектаў палітычнай карты свету з'яўляюцца міжнародныя тэрыторыі. Яны знаходзяцца за дзяржаўнымі межамі і маюць асаблівы статус. Ён заключаецца ў тым, што права іх выкарыстання належыць міжнароднай супольнасці. Як правіла, міжнародныя тэрыторыі з’яўляюцца пляцоўкай для навуковых даследаванняў.

Антарктыка — гэта самы вялікі ў свеце некрануты прыродны запаведнік плошчай амаль 14 млн км2. Прававое становішча Антарктыкі як міжнароднай тэрыторыі вызначае Дагавор аб Антарктыцы. Ён быў падпісаны ў 1959 г. у Вашынгтоне 12 дзяржавамі, якія вялі ў Антарктыцы навуковыя даследаванні (Аргенціна, Аўстралія, Бельгія, Чылі, Францыя, Японія, Новая Зеландыя, Нарвегія, Паўднёва-Афрыканскі Саюз, СССР, Вялікабрытанія і ЗША). У дагаворы адзначаецца, што выкарыстанне Антарктыкі магчыма толькі ў мірных мэтах, і ўсталёўваецца свабода навуковых даследаванняў. У цяперашні час яго ўдзельнікамі з'яўляюцца 48 дзяржаў. У ліку кансультатыўных бакоў — ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Кітай і Расія. Кожныя 1–2 гады ў сталіцах краін — удзельніц Дагавора праходзяць Кансультатыўныя нарады. Штаб-кватэра пастаяннага Сакратарыята знаходзіцца ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна).

Адкрытае мора ўключае марскую паверхню, якая не адносіцца да дзяржаўнай тэрыторыі. Яна выкарыстоўваецца для свабоднага пралёта, суднаходства, рыбалоўства, пракладкі падводных кабеляў і трубаправодаў, для навуковых даследаванняў усімі дзяржавамі з уваходам і без выхаду да яго.

Дно мораў і акіянаў за межамі нацыянальнай юрысдыкцыі — гэта таксама міжнародная тэрыторыя, таму яно не можа быць прысвоена якой-небудзь дзяржавай.

Касмічная прастора як міжнародная тэрыторыя выкарыстоўваецца выключна ў мірных мэтах для даследаванняў і не можа быць прысвоена дзяржавамі.

Да міжнародных тэрыторый адносяцца таксама міжнародныя рэкі, пралівы, каналы. Яны забяспечваюць выхад кантынентальных дзяржаў да мораў. Суднаходства ў іх з'яўляецца свабодным. Напрыклад, міжнароднымі рэкамі прызнаныя Рэйн, Вісла, Дунай, Нігер, Конга і інш. Прыкладамі міжнародных праліваў з'яўляюцца Баб-эль-Мандэбскі, Гібралтарскі, Дрэйка, Карэйскі, Ла-Манш, Магеланаў, Па-дэ-Кале, Сінгапурскі, Басфор і Дарданелы.